Песню пра каранавірус запісаў гродзенец Яраслаў Семінскі. Для сваёй кампазіцыі ён выкарыстаў мелодыю песні «Feel» Робі Уільямса.

Тэкст песні пра каранавірус Яраслаў напісаў менш чым за гадзіну. Кажа, піша даўно і склаў ужо больш за 10 песень.

«Сёння занадта вялікая цікавасць прыкаваная да каранавіруса, — распавядае Яраслаў. — Якія навіны не адкрыеш, усюды гэты каранавірус. Хтосьці падумае, што я вырашыў хайпануць. Не, гэта проста мае думкі пра самую актуальную падзею гэтай вясны. Я вырашыў выкарыстаць мелодыю песні „Feel“ Робі Уільямса. Яна меладычная і акурат пасуе мне. Я нават песню ў студыі яшчэ не запісваў і не выкладваў нічога ў сеціва. Вы першыя, хто яе пачуў».

Яраслаў - даўні чытач Hrodna.life. Ён рознарабочы. Мы ўжо не раз мы пра яго пісалі: ён спрабаваў сябе ў мадэльным бізнесе, а таксама падпрацоўваў натуршчыкам для мастакоў. А яшчэ ён паспрабаваў пабіць рэкорд Гродна па адцісканнях.

Яраслаў прызнаецца, што каранавірус яго трывожыць, але ён думае, што летам усё скончыцца.

«Перахварэе ўся планета. Спадзяюся, што да жніўня ўсё пройдзе. Вельмі хачу ў гэта верыць. Шмат у мяне планаў на гэты час. За сябе я не баюся, нават маску не нашу. Кожны дзень у мяне спартыўныя трэніроўкі, імунітэт маладога чалавека справіцца. Больш баюся за блізкіх, старых. Вось пра каго мы павінны хвалявацца», — дадаў Яраслаў.


Чытайце таксама: Як дапамагчы гродзенскім медыкам, якія змагаюцца з каравірусам, і людзям з групы рызыкі?


На 10 красавіка паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя з пачатку ўспышкі каранавіруса ў Беларусі пацвердзілі 1981 выпадак COVID-19. З іх у бальніцах знаходзяцца 1793 чалавек, 169 ачунялі, зарэгістравана 19 смерцяў. 72 пацыента знаходзяцца на апаратах ШВЛ.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]