У Свята-Успенскім Жыровіцкім мужчынскім манастыры плануюць узвесці новую амаль 60-метровую званіцу з 12 званамі. Званы адліты ў гонар 500-годдзя манастыра. На самым вялікім звоне — імёны Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

29 красавіка ў Жыровічах завяршылі будаўніцтва часовай званіцы, на якой да моманту ўзвядзення асноўнай званіцы будуць размяшчацца званы. Іх адлілі на Варонежскім звонавым заводзе ў Расіі ў красавіку, расказаў Дзмітрый Мезенцаў, пасол Расіі ў Беларусі, для kp.by. Па планах, новая званіца будзе вышынёй 57 метраў. Прафінансуе яе бізнэс Свярдлоўскай вобласці.

На вялікім звоне ўжо адліты надпіс: «Апекай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна».

На 18−20 траўня павінны адбыцца ўрачыстасці ў гонар 500-годдзя манастыра, плануецца асвячэнне званоў і каменя на месцы ўзвядзення будучай званіцы. Камень у некалькі тон падобны да пастамента помніка Пятру Вялікаму на Сенацкай плошчы ў Санкт-Пецярбургу, распавёў пасол.

У Жыровічах пабудуюць 57-метровую званіцу. На вялікім звоне - імёны Лукашэнкі і Пуціна

Па словах Дзмітрыя Мезенцава, званы адлітыя па просьбе настаяцеля манастыра арцыбіскупа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя ў гонар 500-годдзе манастыра і 550-годдзя з’явы Жыровіцкай іконы Божай Маці. Падтрымаў праект Банк ВТБ у Беларусі і губернатары Свярдлоўскай, Варонежскай і Наўгародскай абласцей Расіі.

63-гадовага ўладыку Гурыя (свецкае імя Мікалай Апалько), рэктара Мінскай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Жыровічах, шпіталізавалі 20 красавіка з пнеўманіяй. Як піша «Радыё С**бода», каранавірус пацвердзілі як мінімум у чацвярых семінарыстаў. Усяго на мінулым тыдні ў Слонімскую цэнтральную раённую бальніцу паклалі 41 чалавека з Жыровічаў. Сярод іх 23 семінарысты. Усе яны былі кантактамі першага ўзроўню. 30 красавіка некаторых з іх выпісалі, у тым ліку з пацверджаным тэстам на каранавірус. У гэтых семінарыстаў хвароба ў лёгкай форме, таму іх перавозяць у манастыр, дзе яны будуць у самаізаляцыі.

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).