Ігумення Гаўрыіла адкрыла дзіцячы дом сямейнага тыпу пры Свята-Раства-Багародзіцкім жаночым манастыры ў Гродне. Зараз там пражываюць дзесяць дзяўчынак, якія раней выхоўваліся ў іншых установах Беларусі. Для дома вылучылі двухпавярховы будынак плошчай больш за 400 квадратных метраў, паведамляе агенцтва «Минск-Новости». Гэта першая ўстанова такога плану ў Беларусі.

Ідэя абмяркоўвалася на дзяржаўным узроўні

Пытанне стварэння дзіцячых дамоў пры манастырах падымалася ў Беларусі некалькі гадоў таму. У 2023 годзе старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава прапанавала вывучыць магчымасць арганізацыі прытулкаў для дзяцей пры манастырах, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

Падчас нарады з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і Беларускай праваслаўнай царквы абмяркоўваўся вопыт Рускай праваслаўнай царквы, дзе пры манастырах дзейнічаюць аналагічныя ўстановы. Для рэалізацыі ініцыятывы трэба было змяніць заканадаўства і ўнутраныя дакументы царквы. Пры гэтым прытулкі пры расійскіх манастырах час ад часу трапляюць у скандалы.

Скандалы ў манастырскіх прытулках Расіі

Так, у 2009-2010 гадах правяраўся Свята-Багалюбскі манастыр ва Уладзімірскай вобласці, выхаванкі якога расказвалі, што іх білі, не давалі спаць і прымушалі есці соль. Праверкі праводзілі праваахоўныя органы і апарат упаўнаважанага па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ. У дзеяннях манахінь-апекуноў крымінальнага складальніка спачатку не знайшлі, у распачынанні справы было адмоўлена. Аднак у манастыры выявілі шэраг педагагічных памылак. Але ў выніку пасля расповедаў іншых дзяцей крымінальная справа ўсё ж была ўзбуджана па артыкуле «Незаконнае пазбаўленне волі непаўнагадовага».

Наталья Кочанова и игуменья Гавриила
Наталля Качанава і ігумення Гаўрыіла. Крыніца: sovrep.gov.by

У скандал трапляў і прытулак «Никита» — адзін з самых знакамітых у Расіі. Яго заснавальнік — ігумен Амвросій. Праверкі спачатку былі звязаны з бюракратычнымі і адміністрацыйнымі пытаннямі, аднак падчас іх вылучаліся прэтэнзіі да ўмоў утрымання дзяцей.

У 2020 годзе разгарэўся скандал вакол схіігумена Сергія Раманава, заснавальніка Сярэднеўральскага жаночага манастыра. Спачатку ён публічна рэзка выступіў супраць абмежаванняў на правядзенне набажэнстваў падчас пандэміі COVID-19 і быў пазбаўлены царкоўнага сану за радыкальныя выказванні і канфлікт з царкоўным кіраўніцтвам.

Паралельна дзясяткі былых выхаванцаў манастыра заявілі пра жорсткае абыходжанне ва ўстанове ў перыяд яго кіравання, сцвярджаючы, што гвалт мог ужывацца і самім Раманавым, аднак ён гэтыя абвінавачванні адмаўляў.

У дачыненні да былога манаха ўзбудзілі крымінальную справу. Суд прызнаў яго вінаватым па шэрагу артыкулаў, уключаючы схіленне да самагубства, самаўпраўства, парушэнне права на свабоду веравызнання і ўзбуджэнне нянавісці, і ў 2023 годзе ён быў прысуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Ідэя стварэння прытулку ў гродзенскім манастыры

У якасці пляцоўкі для пілотнага праекта разглядаўся менавіта гродзенскі Свята-Раства-Багародзіцкі манастыр. Пры гэтым сама ігумення Гаўрыіла неаднаразова расказвала, што ідэя стварэння дзіцячага дома пры манастыры з’явілася ў яе яшчэ на пачатку 1990-х гадоў пасля знаёмства з аналагічнымі ўстановамі ў суседняй дзяржаве.

«Калі я прыехала ў Гродна ў 1992 годзе, ужо бачыла ў Расіі створаныя пры манастырах дзіцячыя прытулкі. Тады і паставіла мэту арганізаваць пры гродзенскім манастыры такі прытулак. Зразумела, што для дзяўчынак. Пры жаночых манастырах павінны быць прытулкі для дзяўчынак, пры мужчынскіх — для хлопчыкаў. Але мясцовая ўлада не падтрымала. У той час у Беларусі быў яшчэ вельмі моцны атэістычны светапогляд. Але матывавалі проста — няма закона. Баяліся і таго, што дзяўчынкі застануцца ў манастыры. Насамрэч гэтыя асцярогі надуманыя», — расказвала настаяцельніца.

Ігумення Гаўрыіла адкрыла дзіцячы прытулак пры гродзенскім манастыры
Ігумення Гаўрыіла з выхаванкамі. Фота: скрын з відэа, minsknews.by

Тады прытулак арганізаваць не ўдалося, але ад ідэі ў манастыры не адмовіліся. Толькі відазмянілі. З 1996 года туды на летні перыяд пачалі запрашаць выхаванак Лідскага дзіцячага дома. Г

аўрыіла расказвала, што многія з дзяўчынак, якія прыязджалі, сутыкаліся з цяжкасцямі сацыялізацыі і мелі патрэбу ў дадатковай падтрымцы. На яе думку, знаходжанне ў манастыры станоўча ўплывала на іх паводзіны і адаптацыю.

Як арганізавана праца ўстановы

У выніку дом сямейнага тыпу арганізавалі. Зараз там працуюць бацькі-выхавальнікі, якія суправаджаюць выхаванак у паўсядзённым жыцці: дапамагаюць з вучобай, наведваннем адукацыйных і медыцынскіх устаноў, арганізуюць вольны час і вырашаюць бытавыя пытанні. Першыя выхаванкі пачалі прыязджаць у Гродна летам 2025 года. Зараз у доме пражываюць дзесяць дзяўчынак рознага ўзросту.

Што кажа Гаўрыіла пра выхаванне дзяцей

Паводле слоў ігуменні Гаўрыілы, у выхаванні вялікая ўвага надаецца вывучэнню асноў праваслаўя, а таксама пытанням маральнасці і патрыятызму.

— Ведаць Закон Божы вельмі важна. Дзеці павінны расці ў маральнасці, патрыятызме і духоўнасці. Апошняе — гэта не толькі наведванне царквы і чытанне малітваў, — кажа настаяцельніца.

На яе думку, духоўнасць звязана перш за ўсё са спосабам жыцця і стаўленнем да тых, хто побач.

— Духавеснасць азначае, што чалавек не прычыняе зла іншым і жыве годна. Калі дзіця вырасце, яно стане добрым сем’янінам і адказным чалавекам. Мне хацелася б, каб будучыя пакаленні былі высокамаральнымі. Дзеці — гэта не толькі наша сучаснасць, але і будучыня. Мы гадуем людзей, якія ведаюць, што такое добра і што такое дрэнна, — выказвае меркаванне матушка.

Ігумення Гаўрыіла адкрыла дзіцячы прытулак пры гродзенскім манастыры
Пакой у прытулку. Фота: minsknews.by

За 10 месяцаў дзецям стала лепш, упэўнівае яна.

— Проста так бацькоў не пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, — адзначае настаяцельніца. — Дзяўчынкі перажылі шмат пакутаў, гора, слёз і здарадства. Яны жывуць у нас ужо 10 месяцаў. Калі параўнаць відэа, знятыя ў першыя дні пасля іх прыезду, і цяпер, гэта зусім розныя дзеці. Перада мной стаяла задача, каб яны выраслі не проста дзяўчынкамі, а сапраўднымі «сударушкамі». Калі яны садзяцца за стол, чытаюць малітву «Ойча наш» — яе вывучылі нават самыя маленькія. А пасля трапезы кажуць: «Премного благодарим!»

Хто такая ігумення Гаўрыіла

Гаўрыіла (сапраўднае імя — Марыя Мікалаеўна Глухава) нарадзілася ў Саратаве, скончыла школу ў Жыровічах, вучылася ў Ленінградзе. У 1988 годзе прыняла манаства, працавала ў Ерусаліме і Маскве, з 1992 года кіруе жаночым Свята-Раства-Багародзіцкім манастыром у Гродне. Гаўрыіла вядомая сваімі пралукашэнкаўскімі і прарасійскімі поглядамі, нянавісцю да ўсяго заходняга і радыкальнымі ідэямі.

Асаблівую вядомасць ігумення Гаўрыіла набыла ўвосень 2020 года. Спачатку яна назвала пратэстоўцаў «раз’юшаным статкам», а затым прынесла ў падарунак гродзенскаму АМАПу і міліцыі тарты. Пасля гэтага яе справы пайшлі ўгару: яе ўзнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны, уручылі вышэйшую жаночую ўзнагароду Рускай Праваслаўнай Царквы і нават занеслі ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці.