На Гродзеншчыне завялі новую крымінальную справу — з прычыны пагрозаў у сеціве жонцы міліцыянта, які ўдзельнічаў у затрыманнях 29 траўня ў Гродне на пікеце Святланы Ціханоўскай.
24 чэрвеня, а 19-й гадзіне міліцыя прыехала дахаты да жыхара Ліды Паўла Сухадольскага з пастановай на ператрус, паведамляе незарэгістраваны праваабаронцы цэнтр «Вясна». Яму паведамілі, што распачата крымінальная справа паводле арт. 364 («Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў - караецца арыштам, альбо абмежаваннем свабоды на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да 6 гадоў).
Паводле новай крымінальнай справы, нехта пагражаў блізкім сваякам міліцыянта, які выконваў свае абавязкі пры затрыманні Сяргея Ціханоўскага ў Гродне 29 траўня.
Чытайце таксама: У Гродне прайшла чарговая акцыя салідарнасці: некалькі чалавек затрымалі
Нібыта з нейкіх акаўнтаў Вконтакте былі адпраўлены пагрозы жонцы аднаго з міліцыянтаў. Хоць Павел Сухадольскі праходзіць па гэтай справе пакуль як сведка, у яго дома правялі ператрус. Сухадольскі адмовіўся даваць тлумачэнні прадстаўнікам органаў, але па іх патрабаванні аддаў свой тэлефон і ноўтбук.
![На Гродзеншчыне завялі новую крымінальную справу - за пагрозу сваякам міліцыянта](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2020/06/Suhadolski.jpg)
Чытайце таксама: Гродзенскай пенсіянерцы, якую судзілі за хуліганства, грошы на штраф сабралі за ноч
Новыя затрыманні ў Гродне
26 чэрвеня, каля 17-й гадзіны супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы на аўтамабілі Яўген Амплееў, паведамляе «Вясна». Яго прымусова даставілі ў Ленінскі РАУС. Пакуль ён знаходзіцца там.
Таксама з раніцы міліцэйскі бус дзяжурыў ля дому Юлііі Карначавай, яшчэ адной актыўнай удзельніцы ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
![На Гродзеншчыне завялі новую крымінальную справу - за пагрозу сваякам міліцыянта](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2020/06/karnachava.jpg)
Пазней супрацоўнікі ДАІ затрымалі мастоўскага актывіста каманды Ціханоўскіх Аляксандра Мілюка. Мілюк выехаў на сваёй машыне з Мастоў у Воранаўскі раён да бацькоў, але па дарозе яго машыну спынілі. Даішнікі сказалі, што ён парушыў правілы дарожнага руху. Мілюка павезлі ў Мастоўскі шпіталь на асведчанне на прадмет ужывання алкаголю.
![На Гродзеншчыне завялі новую крымінальную справу - за пагрозу сваякам міліцыянта](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2020/06/miliuk-aliaksandr.jpg)