Музыку і журналіста Аляксандра Дзянісава адпусцілі з Кастрычніцкага РАУС. Суд перанеслі на 19 жніўня. Яго будуць судзіць за дробнае хуліганства.

Дзянісава затрымалі 11 жніўня на вул. Чырвонаармейскай, калі ён ехаў дадому на ровары. Падчас затрымання Алесю разбілі твар і пашкодзілі нагу. Калі яго вызвалілі, яму аддалі ровар зламаным. Пра гэта паведаміла Hrodna.life яго жонка Наталля.

Дзянісаў распавёў Hrodna.life, што пасля затрымання яму сказалі, што ён праходзіць па крымінальнай справе. Нібыта ён падобны на чалавека, якога лічаць арганізатарам несанкцыянаваных масавых акцый, і яго апазналі па касічцы. Праз 2,5 гадзіны міліцыянты папрасілі прабачэння і прызналі, што памыліліся, але на Дзянісава ўсё роўна будзе заведзеная справа аб адміністрацыйным правапарушэнні па ст. 17.1 КоАП (Дробнае хуліганства).

«Нібыта я ехаў на ровары, размахваў рукамі і лаяўся матам на ўсю вуліцу, а потым стаў ля жалезных дзвераў і пачаў стукаць па іх кулаком, працягваючы лаяцца. АМАП, нібыта, некалькі разоў спрабаваў мяне супакоіць, заклікалі спыніць лаяцца і стукаць», — распавёў у.Дзянісаў.

«Суддзя чамусьці стаў на мой бок, маўляў, што гэта за шыза», — патлумачыў Дзянісаў перанос суда на 19 жніўня.