Журналіста Hrodna.life Руслана Кулевіч і яго жонку Таццяну затрымалi 11 жніўня прыблізна 20:40 у краме будматэрыялаў на рагу Гарнавых і Дарвіна. Падчас затрымання Руслана збілі.

Руслан і Таццяна знаходзіліся на агляднай пляцоўцы на левым беразе Нёмана, побач з мостам на Дарвіна. Там сабралася каля 100 чалавек пратэстоўцаў, Руслан выконваў журналісцкую працу. Бліжэй да 20.40 пад’ехала міліцэйская тэхніка і АМАП пачаў разганяць і хапаць людзей. Большасць разбеглася па навакольных дварах і вуліцах, частка схавалася ў краме, у тым ліку журналісты Hrodna.life і T*T.BY.

Чытайце таксама: «ОМОНовец орал, что расстрелял бы таких как мы». Жена репортера Hrodna.Life, — о жестком задержании, «помеченных» ОМОНом и беременности

Руслану ўдалося ў момант затрымання патэлефанаваць у рэдакцыю: ён паспеў сказаць толькі, што іх з жонкай затрымліваюць, яго б’юць, пасля чаго перастаў выходзіць на сувязь. Журналістцы T*T.BY удалося пазбегнуць затрымання.

Звязацца з дзяжурнымі Кастрычніцкага і Ленінскага РАУС было немагчыма, у прэс-службе УУС паведамілі, што не валодаюць інфармацыяй пра затрыманых, па тэлефоне 102 распавялі, што не варта чакаць спісаў затрыманых і інфармацыі пра іх да абеду 12 жніўня. Тэлефон начальніка гродзенскага АМАП быў адключаны.

Каля поўначы з міліцыі адпусцілі Таццяну Кулевіч. Пазней брату Руслана ўдалося даведацца, што ён знаходзіцца ў Кастрычніцкім РАУС, і нават на хвіліну убачыцца з ім. Па словах брата, Руслан выглядаў бадзёра, не скардзіўся, хоць кульгаў і ісці яму было цяжка.

Руслана абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, да суда ён будзе знаходзіцца ў ІЧУ на вуліцы Гая, 4. Перадаць перадачу Руслану можна з 12.00 да 13.00.