Рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта стане Краткова Алена Мікалаеўна, якая раней была начальнікам галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. Пра гэта паведаміў Telegram-канал Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Што вядома пра новага рэктара?

Алена Краткова — кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, член Савета Рэспублікі. 47 гадоў, родам з Астравецкага раёна.

Скончыла Слонімскае медыцынскае вучылішча, Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, Беларускую медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі.

Працавала ўрачом-стажорам, участковым лекарам-фтызіатрам (спецыялісты, якія займаюцца лячэннем туберкулёзу), намеснікам галоўнага лекара. Была галоўным урачом устаноў аховы здароўя «Гродзенскі абласны клінічны цэнтр «Фтызіятрыя» і «Гродзенская абласная інфекцыйная клінічная бальніца», начальнікам Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Што Алена Краткова казала пра пандэмію каранавіруса?

— Пандэмія стала сур’ёзным выпрабаваннем для аховы здароўя Гродзеншчыны і горада Гродна. Нават да таго, як у горадзе 15 сакавіка быў зарэгістраваны першы выпадак, мы ведалі пра яе, рыхтаваліся, але не меркавалі маштабу, складанасці і небяспекі гэтай інфекцыі. І толькі дзякуючы вам, вашаму прафесіяналізму, стойкасці, выратаваныя сотні жыццяў рэгіёна, — прамаўляла Алена Краткова vgr.by 29 ліпеня падчас узнагароджання медыкаў, якія змагаліся з каранавірусам. — Вядома, пандэмія паказала нашы «вузкія» месцы і цяпер мы ведаем, што нам трэба рабіць. Але сёння можна сказаць, што мы прайшлі гэты перыяд годна і гэта дзякуючы вам.

Папярэдні рэктар падтрымаў акцыі пратэсту

Раней пасаду рэктара Грдму займаў Віктар Сняжыцкі. Чуткі аб тым, што ў універсітэце будзе новы рэктар, з’явіліся 28 жніўня. Тады іх абверглі.

18 верасня ў медуніверсітэце зноў загаварылі аб тым, што Віктар Сняжыцкі сыходзіць з пасады, паведамілі Hrodna.life дзве крыніцы. Сам былы рэктар некалькі дзён не здымае трубку. Чым ён будзе займацца далей, невядома.

Раней СМІ Гродна і вобласці паведамлялі аб тым, што Віктар Сняжыцкі асуджаў дзеянні сілавікоў у Facebook. «Дарагія сябры! Падтрымліваю сваіх калегаў-медыкаў, і ўсіх, хто пратэставаў супраць гвалту і затрыманняў. Кадры, якія сведчаць аб жорсткіх збіваннях дэманстрантаў - шакуюць. Толькі народ Беларусі, яго воля вызначыць, як нам жыць далей», — цытаваў S13 Сняжыцкага. Цяпер такога запісу ў Facebook рэктара медуніверсітэта няма.

Віктар Сняжыцкі з’яўляецца членам Савета Рэспублікі.