У адным з двароў Дзевятаўкі ў Гродне жыхары з дазволу ЖЭСа правялі суботнік: пафарбавалі агароджу, лаўкі і абнавілі стол. Выбраныя колеры не спадабаліся камусьці з суседзяў: прыехалі тры машыны міліцыі і аўтобус АМАПу на чале з Віктарам Краўцэвічам. Камунальнікі перафарбавалі плот, а стальніцу на стале мянялі некалькі разоў.

Адзін з жыхароў дома № 38 па вуліцы Курчатава ўзяў у ЖЭСа пісьмовы дазвол правесці суботнік. За свае грошы ён зрабіў новую стальніцу, жыхары суседніх дамоў скінуліся на фарбу, і 26 верасня адрамантавалі стол, лавачкі, пафарбавалі дэкаратыўны плот.

"Няма чаго баяцца, мы ж не злачынцы". Як скончылася спрэчка за бел-чырвона-белы дворык у Гродне
Фота дакумента прадастаўлена мясцовай жыхаркай

«Двор быў, дарэчы, ніякі», — падзялілася з Hrodna.life ўдзельніца суботніка Вольга. Жыхары ўпершыню сабраліся на сумесную працу, і большасць насельнікаў двара былі рады. «Там ёсць чатыры бабулі, якія заўсёды сядзелі за тым сталом, пачварным, з дзіркай. Яны былі цалкам „за“, падтрымалі ідэю».

"Няма чаго баяцца, мы ж не злачынцы". Як скончылася спрэчка за бел-чырвона-белы дворык у Гродне
Так выглядаў дворык «да»

Лаўкі і агароджу пафарбавалі ў белы і чырвоны колеры, на стальніцы з дапамогай трафарэта намалявалі герб «Пагоня». Сабралася чалавек 15, пачалі каля 12 дня і працавалі да 16−17 гадзін.

Некаму з пад’езда гэта не спадабалася, і на суседзяў выклікалі міліцыю. Прыехалі тры машыны патрульна-паставой службы. Жыхары паказалі дазвол на правядзенне суботніка. Тут меркаванні сілавікоў падзяліліся: нехта з міліцыянтаў казаў, што ўсё ў парадку і ім падабаецца, а нехта прапаноўваў ехаць у аддзяленне разбірацца. «Міліцыянты стаялі, некаторыя размаўлялі з імі, а мы працягвалі працаваць», — апісвала Вольга сітуацыю.

На суботнік прыехаў таксама аўтобус АМАПа і сам яго начальнік — Віктар Краўцэвіч. «За 50 дзён пратэстаў мы ўжо вывучылі, хто гэта», — патлумачыла жанчына. Краўцэвіч спытаў, ці патрэбна міліцыянтам дапамога, тыя адмовіліся. Тады ён стаў фатаграфаваць стальніцу з «Пагоняй» і пераконваць жыхароў, што гэта фашысцкая сімволіка, і яго дзед асабіста з такімі ваяваў. Дзяўчыны-ўдзельніцы пачалі з ім спрачацца, Амапаўцы так і засталіся сядзець у аўтобусе.

«Пагоня» — герб Вялікага княства Літоўскага і яго зямельных гербаў, а таксама дынастыі Гедымінавічаў з канца XIV стагоддзя. Быў гербам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе і Рэспублікі Беларусь у 1991−1995 гадах. Герб «Пагоня» быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 73БЛ4 пастановай Савета Міністраў № 578 ад 14.05.2007.

Калі АМАП з’ехаў, міліцыянты папрасілі хлопца, які атрымліваў дазвол ЖЭСа, праехаць для разбіральніцтва. Маўляў, раз ёсць выклік, яны абавязаны правесці апытанне. Падтрымаць яго паехалі яшчэ чацвёра ўдзельнікаў суботніка, сярод іх і муж Вольгі. У РАУС з жыхарамі абыходзіліся ветліва. Адзін з следчых нават казаў, што ўсё атрымалася прыгожа і яму ўсё падабаецца. Праўда, іншы абяцаў, што з імі разбяруцца, і «такіх трэба прыціснуць да пазногця». Пасля падпісання пратаколаў апытання людзей адпусцілі.

Каб стальніцу не сапсавалі, яе забраў мужчына, які яе зрабіў. На наступны дзень прыйшлі работнікі ЖЭСа, прынеслі шэрую фарбу, вярнулі старую прабітую стальніцу. Адзін з жыхароў дома № 38 вынес ім сваю, зялёную фарбу, і разам яны вырашалі, як перафарбоўваць.

"Няма чаго баяцца, мы ж не злачынцы". Як скончылася спрэчка за бел-чырвона-белы дворык у Гродне
ЖЭС вярнуў старую стальніцу

Пазней гаспадар новай стальніцы вярнуў яе на месца, дадаўшы да «Пагоні» дзве зялёныя паласы. «Ён не хацеў замазваць „Пагоню“ і пайшоў на кампраміс», — патлумачыла Вольга.

30 верасня мужчына ўсё ж сам зафарбаваў герб: зноў прыехалі работнікі ЖЭСа, каб замяніць стальніцу на дошкі. Ён жа хацеў, каб новая столешка засталася ў яго двары.

«Мы хочам, каб людзі перасталі баяцца свайго ценю. Правільна кажуць, што хутка будзе забаронена ўсміхацца, і людзі будуць баяцца не толькі мітынгаў, але і выйсці на вуліцу. Мы хацелі паказаць, што мы ў сваім двары, нічога дрэннага не робім, і няма чаго баяцца. Глядзіце, як было і як стала, — распавяла жанчына. — Хацелі, каб людзі ўбачылі: вы ў сваім двары, рабіце, што хочаце, гэта ж ваша! Мы ж не злыдні».