У Гродзенскім абласным драматычным тэатры новы рэжысёр-пастаноўшчык — Сяргей Яскевіч. Ён працаваў у Гомельскім абласным драматычным тэатры, Мазырскім драматычным тэатры імя Мележа, Слонімскім драматычным тэатры, паведамляе Telegram-канал «Культура Гродзеншчыны».

Сяргей скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў у майстэрні Мадэста Абрамава і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у прафесара Г. І. Баравіка. Магістр мастацтвазнаўства.

Паставіў больш за 20 спектакляў па п’есах сусветных, расійскіх, беларускіх драматургаў і сучасных аўтараў, сярод якіх «Каханне пад вязамі» О’Ніла, «Брама неўміручасці» К. Крапівы, «Багатыя нявесты» А. Астроўскага, «Дом Бернарды Альбы» Ф. Г. Лоркі.

Удзельнік міжнародных конкурсаў і фестываляў у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой, узнагароджаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за высокія творчыя дасягненні. Аўтар навуковых прац па тэорыі тэатра, мастацтвазнаўца.

Што адбылося ў драмтэатры пасля выбараў?

20 верасня. У Гродне ў час акцыі пратэсту затрымалі акцёра і рэжысёра-пастаноўшчыка, заслужанага артыста Сяргея Курыленку і яго жонку актрысу Валянціну Харытонаву. Іх калегі даведаліся пра затрыманні падчас спектакля. Яны выйшлі на сцэну і вырашылі не заканчваць пастаноўку. Акцёраў прымусілі пісаць тлумачальныя, прызнацца, хто прыдумаў спыніць спектакль. Актрыса Лізавета Мілінцэвіч звольнілася з тэатра. На Васіля Мініча і Наталля Лявонаву склалі акты за адмову пісаць тлумачальныя.

22 верасня. У тэатр на размову прыехаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Ён гаварыў з акцёрамі пра сітуацыю ў краіне і пра дзеянні АМАПу, распавялі пасля сустрэчы акцёры тэатра. Артысты выступілі за пералік галасоў на выбарах або правядзенне новых выбараў. Правесці працэдуру падліку, пры якой назіральнікам ад розных партый паказваюць кожны бюлетэнь.

25 верасня. Гродзенскі абласны драматычны тэатр зачынілі да 3 кастрычніка на рэпетыцыйны перыяд нібыта для прафілактыкі каранавіруса. У той вечар павінны былі паказаць спектакль «451 па Фарэнгейце». Яго, як іншыя спектаклі, адмянілі, хоць усе квіткі былі раскупленыя. У той жа дзень дырэктар тэатра, Ігар Гедзіч, сказаў вядучаму майстру сцэны, Ігару Уланаву, што ён звольнены. У выніку урыўкі з пастаноўкі паказалі 26 кастрычніка ў дворыку на Кірава, 3. Акторы адмаўляліся граць камедыі, пакуль на вуліцы б’юць людзей. За гэта іх пазбаўлялі зарплаты. Акторка Марыя Бутрымовіч з Гродзенскага драмтэатра адмовілася граць ролю ў камедыйным спектаклі, за што пазбавілася большай часткі заробку на тры месяцы.

27 кастрычніка. Галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Генадзь Мушперт і рэжысёр-пастаноўшчык, заслужаны артыст Сяргея Курыленка падпісалі загады на звальненне. Іх звольнілі па артыкуле Працоўнага кодэкса-за адмову ад выканання службовых абавязкаў, паведамілі яны Hrodna.life. Раней яны абвясцілі пра страйк.

28 кастрычніка. Частка трупы заявіла аб далучэнні да страйку.

29 кастрычніка. Звольнілі акторак Гродзенскага драмтэатра Валянціну Харытонаву і Наталлю Лявонаву, якія былі ў ліку тых, хто заявіў пра страйк.

30 кастрычніка. Яшчэ шэсць акцёраў звольнілі з трупы Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Гэта Анастасія Мучко, Аляксандр Дзям’янаў, Натэла Бялугіна, Марыя Мялешка, Марыя Бутрымовіч і Васіль Мініч. Яшчэ два супрацоўнікі тэатру далучыліся да страйку: артыстка аркестра Паліна Левіна і акцёр Аляксей Станога.