Сяргей Курыленка — заслужаны артыст Беларусі, акцёр і рэжысёр драматычнага тэатра ў Гродне, даўно стаў адной з найбольш пазнавальных фігур у тэатральнай суполцы горада і нават яе брэндам. З нагоды пастаўленага ім чарговага спектаклю, мы ўзгадалі, як распытвалі артыста пра станаўленне творчага лёсу і шляхі ў тэатральным мастацтве.
Іграў Дурэмара, Цёркіна і… на балалайцы
Пазнаёміцца з тэатрам і паспрабаваць сябе на падмостках Сяргею Курыленку давялося яшчэ ў школьныя гады. Бацька аднаго з аднакласнікаў захапляўся тэатрам і рабіў пастаноўкі са школьнымі таварышамі сына. «Цэлы клас удзельнічаў ў спектаклах, — успамінае Сяргей зараз. — Я тады вельмі любіў адмоўныя ролі. У „Залатым ключыку“ з асалодай іграў Дурэмара».
У выпускным, дзясятым класе дасталася яму і пазітыўная роля — Васіль Цёркін у яго выкананні трапна цэліўся са сцэны ў самалёт вінтоўкай, што пазычалі для спектакля ў кабінеце ваеннай падрыхтоўкі.
Адкуль бярэцца пазнавальнасць
Пазней творчыя схільнасці і камандны дух ледзь не сыгралі з будучым акторам злы жарт. У час службы ў войску Сяргей любіў на страявой падрыхтоўцы пакрычаць песні за цэлы ўзвод: «Рваў глотку зімой на марозе — неразумны быў».
Акцёр аднаго тэатра
Увесь час ад выпуска з інстытута Сяргей Курыленка працуе ў Гродзенскім драматычным тэатры. Спачатку, як усе маладыя, думаў з часам змяніць і лёс і горад, але жыццё скалалася інакш.
Паміж правіламі і эксперыментамі
«Як артыст, — кажа Сяргей, — я гатовы да эксперыменту». Увесь час хадзіць пратаптанымі сцежкамі нецікава. Сяргей прызнае, што рабіць па-новаму, хадзіць «па калена ў брудзе ці снезе, калі побач ёсць гатовая сцежка — цяжка». І ў сабе і ў іншых артыстаў ён часам адчувае гэты ўнутраны супраціў новаму, аднак іншага шляху для творчага развіцця ў прафесіі не існуе. «Чым больш розных сцежак ведаеш, чым больш варыянтаў дасягнення мэты маеш, тым ты багацейшы і цікавейшы як артыст».
Акцёр і рэжысёр
Разважанні наконт новых шляхоў творчай рэалізацыі аднойчы прывялі Сяргея Курыленку да высновы, што настаў час пашырыць і сваю працу. Так акрамя акцёрскай прафесіі ён авалодаў і рэжысёрскай. «У пэўны момант я ўсвядоміў, што бачу на сцэне крышку больш, чым іншыя, захацелася гэтым падзяліцца». А яшчэ менавіта з рэжысёрскай пазіцыі лепш бачны новыя сцежкі для акцёраў і ёсць права іх калегам прапаноўваць. «Як рэжысёр, ты мусіш павесці за сабой, мусіш зрабіць так, каб табе паверылі. З іншага боку, трэба разумець, што і адказнасць павышаецца ў разы — калі прапануеш артысту ісці незнаёмай дарогай, то трэба быць пэўным у тым куды вядзеш, ці не стане эксперымент небяспечнай дарогай у нікуды».
…і педагог таксама
Папулярнасці Сяргея Курыленкі ў горадзе спрыяла не толькі акцёрская і рэжысёрская дзейнасць, але і вялікая праца ў якасці педагога. Яго заняткі па акцёрскім майстэрстве памятае не адно пакаленне ліцэістаў і студэнтаў, з удзячнасцю ўзгадваюць пра яго дапамогу і артысты тэатра гумару «Канкан». Пытанне «навошта» ў працы з маладымі людзьмі, большасць з каторых не збіралася звязваць прафесійную дзейнасць з тэатрам, Сяргей сабе не задае. Ён лічыць, што гэтыя намаганні не сыдуць як вада ў пясок.
Найперш такі досвед дапамагае развіццю творчай фантазіі праз «сачыненне» эцюдаў. А уменне «сачыняць» навучыць і творча падыходзіць да ўласнага жыцця — не чакаць, як складзецца, а самому «сачыніць», шукаць выйсці, а не спадзявацца на міласць лёсу.
Не менш важна, мяркуе Сяргей, што людзі, спрабаваўшы сябе ў якасці акцёра-аматара, пасля інакш глядзяць і прафесійныя спектаклі. Вынікам гэтай працы ён, следам за знакамітым Юозасам Мільцінісам, лічыць падрыхтоўку «выдатных гледачоў».
«Добры глядач — гэта ўсё для тэатра»
«Добры глядач — гэта ўсё для тэатра, — працягвае разважаць Сяргей, — без яго тэатра ўвогуле не існуе». Працаваць для гледача, што прыходзіць у тэатр толькі час ад часу, для артыстаў менш прадуктыўна і менш цікава. «Выпадковыя» гледачы прыходзяць у тэатр, як у кіно — даведацца новую гісторыю — і ў гэтым Сяргей бачыць сучасную праблему.
«Людзі зараз выхоўваюцца серыяламі, дзе ўсё прагаворваецца, але нічога не адбываецца. Акцёрам нават эмоцыі там іграць не заўсёды трэба». Прыкладна такога ж чакаюць зараз і ад тэатра, а калі драматургія хоць троху больш складаная за ўмоўна-серыальную, гэта ўжо выклікае неразуменне, а то і непрыняцце. Але ж тэатр, упэўнены Курыленка, пачынаецца там, дзе можна іграць без слоў: «Тэкст павінен дапамагаць іграць, а не падмяняць ігру сабою».
Галоўным жа прызначэннем тэатра, як і «высокай» літаратуры ці іншага мастацтва, ён, выбачаючыся «за высакапарнасць», называе развіццё душы і ўменне назіраць тыя ўнутраныя змены, што адбываюцца з ёй пад уплывам знешніх абставін.
«Гледача трэба выхоўваць, — упэўнены Сяргей, — і добра, калі ёсць побач з падлеткам у школе ці ў сям'і старэйшы чалавек з «досведам тэатральнага гледача». З боку тэатра адной з удалых спробаў такой «адукацыі» ён ўзгадвае «тэатральныя ўніверсітэты» — сустрэчы-абмеркаванні, што адбываліся адразу пасля спектакляў.
«Жыць трэба заўсёды»
Да ўласнага дня нараджэння, кажа Сяргей Курыленка, ніякага асобага стаўлення няма. Адзначаецца гэта дата ў вузкім коле сям'і і найбліжэшых сяброў. Калі на дзень нараджэння выпадае спектакль — то да святкавання далучаюцца і сябры па сцэне.
Што тычыцца развагаў з нагоды сталасці і ўзросту, то імі Сяргей падзяліўся ў адной з апошніх сваіх рэжысёрскіх прац «Девичник над вечным покоем»: «Я хацеў давесці, што жыць трэба заўсёды, хаця і ведаеш напэўна, чым усё скончыцца, што «ўсё ў зямлю ляжа, усё прахам стане».