У Гродне вынеслі прысуд па справе аб гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару, учыненых паўторна, у дачыненні да дзіцяці. Мужчыну абвінавачвалі ў гвалтаванні сваёй унучкі цягам 10 гадоў. Раней ён усё адмаўляў.

Прысуд вынес суд Ленінскага раёна 29 студзеня 2024 года. Мужчыну прызналі вінаватым і асудзілі паводле ч. 2 арт. 167 КК (за «іншыя дзеянні сексуальнага характару, учыненыя насуперак волі пацярпелай, з прымяненнем гвалту, з выкарыстаннем бездапаможнага стану пацярпелай, учыненыя паўторна, у адносінах да заведама малалетняй») на сем гадоў пазбаўлення волі і па ч. 3 арт. 167 КК (за «іншыя дзеянні сексуальнага характару, учыненыя насуперак волі пацярпелай з прымяненнем гвалту, учыненыя паўторна, у адносінах да заведама непаўналетняй») на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Шляхам частковага складання прысудаў мужчыне прызначылі 13 гадоў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама з яго спагналі кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 20 тыс. рублёў на карысць пацярпелай. Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Чытайце таксама: Харасмэнт у грамадскім транспарце: чаму гэта адбываецца так часта і што з гэтым можна зрабіць

Пра тое, што 66-гадовы мужчына ў Гродне падазраецца ў дзеяннях сексуальнага характару ў адносінах да ўласнай унучкі, стала вядома летам 2023 года. Дзяўчынка расказала следчым, што дзед рабіў гэта 10 гадоў, пісалі тады «Минск Новости». Спачатку яна думала, што дзед з ёю так гуляе. Падлеткам дзяўчынка ўжо разумела, што гэта ненармальна, але баялася расказаць сваякам: ёй было сорамна, непрыемна, яна думала, што ёй не павераць.

Усё выявілася выпадкова дзякуючы рэпетытарцы дзяўчынкі. На занятку па біялогіі яна расказвала пра псіхалагічныя траўмы і заўважыла надзвычайную рэакцыю школьніцы. Пасля роспытаў дзяўчынка расказала, што ў адносінах да яе здзяйсняецца сэксуальны гвалт. Рэпетытарка папрасіла школьніцу расказаць бацькам і звязалася з імі сама. Бацькі звярнуліся ў Следчы камітэт. На допыце маці расказала, што не заўважала нічога дзіўнага паміж дзядулем і ўнучкай.

Сам 66-гадовы мужчына ўсё адмаўляў і лічыў, што яго абылгалі. Следчыя правялі вочныя стаўкі, прызначылі комплексную псіхолага-псіхіятрычную і псіхафізіялагічную экспертызу.

Чытайце таксама: «З асаблівай жорсткасцю». Чаму беларусак б’юць і забіваюць — мужыкі, сужыцелі, сваякі і сябры