Летась праект бюджэту на гэты год быў прыняты ў першым чытанні яшчэ ў лістападзе. У 2018 годзе бюджэт прынялі ў пачатку снежня. Сёлета на 14 снежня праект бюджэту нават не паступаў у Палату прадстаўнікоў, піша «Радыё С**бода».

За 17 дзён да новага году аб праекце бюджэту на наступны год нічога не чуваць. Летась і пазалетась у такі час бюджэт ужо абмяркоўвалі, праект быў апублікаваны.

У Міністэрстве фінансаў «інфармацыі, калі праект будзе апублікаваны і паступіць у Палату прадстаўнікоў, няма». Разбіраемся, чаму сёлета працэс так зацягнуўся.

«Закрыта бюджэт абмяркоўваюць»

Бюджэт разглядаюць нашмат менш публічна, чым гэта было раней. Гэта заўважае дырэктар даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык.

«Калі ўкладаецца бюджэт, то трэба разумець, што будзе з эканомікай, які будзе рост. Заўсёды ёсць розніца паміж пажаданым ростам і аб’ектыўным. Міністэрства фінансаў заўсёды зыходзіла з найгоршага сцэнара. Калі раней можна было разважаць, дзе і што можна пазычыць, то цяпер развагі ідуць зусім па іншым сцэнары. Перад урадам і Мінфінам стаіць пытанне, што закладаць у бюджэт», — кажа Аляксандр Чубрык.

Эканаміст звяртае ўвагу, што цяпер і перад бізнесам, і перад чыноўнікамі паўстала няпэўнасць, у якой галоўную ролю адыгрывае бягучы ўнутрыпалітычны крызіс.

«Такой няпэўнай сытуацыі яшчэ не было»

Урад пакуль сам ня ведае, што закладаць у бюджэт, мяркуе кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Урад сам ня ведае, што будзе ў 2021 годзе, якія параметры закладаць: рост ВУП на 3,5% ці падзенне, ці наагул будзе бюджэт зацягвання паясоў. Такога ўзроўню няпэўнасці яшчэ не было ў нашай гісторыі. Ад Расеі таксама няма чаго спадзявацца. Супрацу з міжнароднымі арганізацыямі ўлада сама сабе абрэзала. Улада абнуліла давер сектару ІТ, улада ня хоча ўводзіць палёгкі для кавярняў і рэстаранаў. Горшы варыянт — паглыбленне рэцэсіі», — гаворыць Яраслаў Раманчук.

Ён кажа, што нейкі дакумент прымуць, але «ужо налета пачнуць яго карэктаваць».

Бюджэт на сёлетні год прынялі з дэфіцытам у 1 мільярд рублёў: выдаткі бюджэту перавышалі даходы на гэтую суму.

Чытайце таксама: Банкі зрабілі больш жорсткім умовы крэдытавання для бізнесу і насельніцтва. Прычына ў тым ліку ў нястачы рэсурсаў