У цэнтры Гродна на час маразоў усталююць пункт абагравання ад Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Палатка будзе стаяць на прыпынку ля аўтавакзала пры тэмпературы днём -15 С і ніжэй. Такую тэмпературу абяцаюць у Гродне ўжо ў нядзелю, 17 студзеня.

Пункт абагравання адкрыюць з 10-й раніцы. Ён будзе працаваць у дзённы час, пакуль тэмпература зноў не стане стабільна вышэйшай за -15 С.

У намёце будуць дзяжурыць валанцёры, супрацоўнікі «Чырвонага крыжа». Пры неабходнасці яны змогуць аказаць першую дапамогу. Таксама там можна будзе сагрэцца, будуць тэрмасы з гарачай гарбатай і аптэчка.

Гарачы чай і першая дапамога. Як у цэнтры Гродна будзе працаваць пункт абагравання "Чырвонага крыжа"
Гарачы чай і першая дапамога. Як у цэнтры Гродна будзе працаваць пункт абагравання "Чырвонага крыжа"

Пункт абагравання ад «Чырвонага крыжа» ў маразы ўсталёўваюць ўжо больш за дзесяць гадоў. У першую чаргу яго ставяць для людзей без пэўнага месца жыхарства. Яны аказваюцца найбольш уразлівымі ў час халадоў.

«Мы не першы год гэта робім, і бачым, што каля аўтавакзала часта збіраюцца такія людзі. Доўга знаходзіцца ў будынку вакзала яны не могуць. Але яны ведаюць, што мы ставім там палатку, і падыходзяць грэцца», — распавёў Hrodna.life Валерый Краеўскі, спецыяліст па падрыхтоўцы да надзвычайных сітуацый гродзенскай абласной арганізацыі «Чырвоны крыж». Па яго словах, за дзень можа падысці 30−40 чалавек.

Гарачы чай і першая дапамога. Як у цэнтры Гродна будзе працаваць пункт абагравання "Чырвонага крыжа"
Па гарбату і цяпло можа звярнуцца кожны

Акрамя таго, прыпынак каля аўтавакзала — месца збору вялікай колькасці людзей. У палатцы могуць сагрэцца і выпіць гарачай гарбаты тыя, хто чакае транспарт, доўгі час знаходзіцца на вуліцы па справах, падыходзяць дворнікі.

Ноччу людзі без месца жыхарства могуць сагрэцца ў Гродзенскім гарадскім доме начнога знаходжання на Карскага, 29. Ён змяшчае каля 50 чалавек.

Чытайце таксама: Зима пришла. Где в Гродно зальют катки и хоккейные площадки