Гродзенка паказала плітку, якую ўкладваюць у абноўленым скверы на Дарвіна. Паводле слоў аўтаркі публікацыі, якасць укладкі выклікае пытанні: на фота заўважныя пашкоджанні пакрыцця.

«Там палова бітай і трэснутай пліткі, укладзена ўсё хвалямі( напэўна, пясок не выраўнялі перад укладкай. Проста ўвесь новы тратуар — сум у гэтым плане. Гэта ж столькі працы перарабляць трэба будзе, а я проста, як звычайна, буду гундзець, што мне не падабаецца», — напісала гродзенка ў Threads.

Меркаванні гараджан падзяліліся. Некаторыя карыстальнікі падтрымалі аўтарку і адзначылі, што таксама звярнулі ўвагу на стан новага пакрыцця.

«Так, „вінтажненька“. Таксама калі шпацыравала, звярнула ўвагу, што яшчэ не здалі, а ўжо крышыцца. Яшчэ і форма пліткі такая вузкая і выцягнутая, і швы не запоўненыя, аснаванне недзе, можа, не выраўнялі, на край націснулі як на рычаг — і хоба, плітка напалову зламалася», — выказала здагадку адна з удзельніц абмеркавання.

«Яшчэ не здалі, а ўжо крышыцца». Гродзенцы зноў крытыкуюць работы ў скверы на Дарвіна
Фота: threads.com/@anre1982

Работы яшчэ не завершаны

Іншыя каментатары нагадалі, што работы ў скверы яшчэ працягваюцца і аб’ект пакуль не ўведзены ў эксплуатацыю.

«Дык, можа, сутнасць у тым, што яго яшчэ не здалі? Не ўсе работы да канца завершаны. Не?» — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Яшчэ адзін каментатар параіў дачакацца завяршэння работ і пры неабходнасці звяртацца ў адказныя службы.

«Гэта брак, напішыце скаргу, пакуль сквер у эксплуатацыю не здалі», — адзначыў ён.

Сама аўтарка публікацыі падкрэсліла, што не лічыць свае заўвагі панікай.

«Я не панікую. Мы з сяброўкай-геадэзісткай дужа павесяліліся, разглядаючы гэтую “састараную” плітку», — напісала яна.

Гродзенка спадзяецца, што недахопы ліквідуюць, і пашкадавала бюджэтныя грошы.

«Яшчэ не здалі, а ўжо крышыцца». Гродзенцы зноў крытыкуюць работы ў скверы на Дарвіна
Фота: threads.com/@anre1982

«Я разумею, што выпраўляць ніхто не будзе. Спадзяюся толькі, што яна будзе доўга ляжаць хаця б у такім выглядзе. Інакш мне проста шкада грошай. Божа, я настолькі старая, што шкадую бюджэтныя грошы», — дадала аўтарка.

У каментарах таксама нагадалі, што падрадчык абавязаны ліквідаваць магчымыя дэфекты за свой кошт, калі яны будуць выяўлены да прыёмкі аб’екта.

На дадзены момант рэканструкцыя сквера на вуліцы Дарвіна працягваецца. У скверы ўсталявалі бардзюры, пэрылы і нетыповыя лаўкі-альтанкі з аўтарскім дызайнам. Таксама замест старой ратонды з’явіцца новая, цяпер працягваецца мантаж сучаснага асвятлення.

Гараджане крытыкавалі работы ў скверы і раней

Раней жыхары раёна ўжо выказвалі незадаволенасць рэканструкцыяй сквера на Дарвіна. Гродзенка, якая жыве побач, распавядала, што пасля пачатку работ на тэрыторыі высеклі частку дрэў і кустоў. Пазней мясцовыя ўлады сустрэліся з жыхарамі суседніх дамоў і паказалі план рэканструкцыі сквера.

Таксама гродзенцы крытыкавалі выгляд новых альтанак і агароджу.