Паведамленне аб вядзенні адміністрацыйнай справы паводле арт. 23.34 КаАП прыйшло на Viber, Telegram і ў СМС акцёрам драматычнага тэатра, звольненым за забастоўку. Пра гэта Hrodna.life распавёў заслужаны артыст Беларусі Сяргей Курыленка. Акторы сцвярджаюць, што гэта звязана з відэавіншаваннем, якое яны запісалі на Новы год.
Абноўлена ў 17:40. З тымі, хто наведаў міліцыю, правялі прафілактычную гутарку, расказаў Hrodna.life Сяргей Курыленка. Складу злачынства не знайшлі.
«Думаю, што гэта за навагодняе віншаванне беларусам на «канале, чый сайт прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім», — падзяліўся раней Курыленка.
1 студзеня віншаванне ад звольненых актораў, былога галоўнага рэжысёра і былога рэжысёра-пастаноўшчыка Гродзенскага драматычнага тэатра апублікаваў канал, чый сайт прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім у Instagram. Звольненыя акторы павіншавалі беларусаў з Новым годам вершам Якуба Коласа «На новы год» (1907 г.):
«З Новым годам, з шчасцем новым!
Дай жа Божа, гэты год
Каб успомніў шчырым словам
Працавіты ўвесь народ!
Каб больш слёзы не ліліся,
Каб не падаў чалавек,
Каб астрогі запярліся
Ад людзей на вечны век;
Каб казалі, што хацелі,
Каб не гнулісь, як цяпер,
Каб са страхам не глядзелі
На ўрадніцкі каўнер;
Каб пабольшала нам поля,
Каб разросся вузкі луг,
Каб спявалі песні волі,
Дзержучы жалезны плуг.
Дай Бог шчасця вам і долі
Ўсім, хто слёзы праліваў,
Хто у бедным, родным полі
Зерне праўды засяваў!"
Мінулы, 2020 год, акторы назвалі годам, калі беларусы адчулі, што іх шмат, і годам, «калі рука кожнага беларуса, дзе б ён ні быў, цягнулася дапамагчы і падтрымаць суайчынніка». Наступнаму, 2021 году, яны пажадали стаць «годам вольнай Беларусі, годам права і перамогі, годам беларускай мовы і бел-чырвона-белага сцяга». «Жыве вольны тэатр і жыве мастацтва, жыве Беларусь!», — завяршылі сваю прамову звольненыя акторы і рэжысёры. Відэазапіс зроблены на фоне драмтэатра на процілеглым беразе Нёмана.
Былая акторка гродзенскага драмтэатра, якая папрасіла яе не называць, таксама мяркуе, што выклік звязаны з відэавіншаваннем. Для яе ён стаў шокам, бо гэта быў не мітынг, а менавіта запіс відэазваротка. Усіх, хто браў у ім удзел, запрасілі з’явіцца ў міліцыю ў адзін дзень і ў адзін час. Паведамленні прыйшлі 1 лютага.
У паведамленні атрымальніка клічуць у аддзяленне міліцыі як асобу, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс паводле артыкула 23.34 КаАП. Праверка праводзіцца паводле матэрыялу, зарэгістраванага ў раённым аддзеле ўнутраных спраў ад 1.01.2021.
Як звальнялі акцёраў Гродзенскага драматычнага тэатра пасля выбараў
20 верасня у Гродне падчас акцыі пратэсту затрымалі акцёра і рэжысёра-пастаноўшчыка, заслужанага артыста Сяргея Курыленку і яго жонку акторку Валянціну Харытонаву. Іх калегі даведаліся пра затрыманні падчас спектакля і вырашылі не даігрываць пастаноўку. Акцёраў прымусілі пісаць тлумачальныя. Актрыса Лізавета Мілінцэвіч звольнілася з тэатра. На Васіля Мініча і Наталлю Лявонаву склалі акты за адмову пісаць тлумачальныя. 22 верасня ў тэатр на размову прыехаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, а 25 верасня тэатр зачынілі да 3 кастрычніка на рэпетыцыйны перыяд, хоць квіткі на бліжэйшыя пастаноўкі былі раскуплены. Прычынай абвесцілі прафілактыку каранавіруса. У той жа дзень дырэктар тэатра, Ігар Гедзіч, сказаў вядучаму майстру сцэны, Ігару Уланаву, што той звольнены. Да таго акцёраў каралі фінансава за тое, што яны адмаўляліся граць у камедыях, калі на вуліцах збіваюць людзей.
Чытайце таксама: «Калі дадуць лінаваную паперу, пішы ўпоперак». У Гродне акцёры закрытага драмтэатра выступілі ў двары
Галоўнага рэжысёра тэатра Генадзя Мушперта і рэжысёра-пастаноўшчыка Сяргея Курыленку звольнілі 27 кастрычніка паводле артыкула Працоўнага кодэкса за адмову ад выканання службовых абавязкаў. Раней яны абвесцілі аб забастоўцы. На наступны дзень работнікі тэатра і акцёры запісалі відэазварот, у якім падкрэслілі, што рэжысёраў звольнілі за іх грамадзянскую пазіцыю. Акцёры заявілі, што самі яны таксама выступаюць за аднаўленьне законнасці ў краіне і новыя празрыстыя выбары, а частка трупы далучаецца да страйку. Пасля гэтага паводле таго ж артыкула ПК, што і рэжысёраў, звольнілі акторак Валянціну Харытонаву і Наталлю Лявонаву. 4 лістапада за забастоўку звольнілі артыстку аркестра Паліну Левіну і акцёра Аляксея Станогу. Акцёры Васіль Мініч, Марыя Бутрымовіч, Натэла Бялугіна, Аляксандр Дзям’янаў, Марыя Мялешка і Анастасія Мучко былі звольненыя 31 кастрычніка.
Дырэктарам Гродзенскага драматычнага тэатра з 2012 года працуе Ігар Гедзіч. З 1988 па 2011 ён служыў ва Узброеных сілах, цяпер — палкоўнік запасу.
Чытайце таксама: