Эскіз будучага помніка на магіле вядомага вулічнага музыкі гатовы. Усталююць яго не раней восені 2021 года. Вырабам і ўсталёўкай надмагілля зоймецца Гродзенскі камнеапрацоўчы завод.

Хто такі Свістун?

Вулічны музыка Станіслаў Семінскі, вядомы ў Гродне як Свістун, памёр 13 студзеня 2021 года. Яго ведалі многія гараджане яшчэ з 1990-х гадоў. У любое надвор’е ён выступаў у цэнтры Гродна і граў на лістках. Станіслава запрашалі граць на вуліцах заходніх гарадоў, але ён адмаўляўся — усё жыццё пражыў у Гродне і стаў мясцовай славутасцю.

Пахавалі вулічнага музыку толькі 9 лютага на могілках «Аульс». Яго хавалі за кошт сацыяльнай дапамогі. Блізкіх на пахаванні не было.

На магіле Свістуна ўсталююць помнік. Спонсарам будзе камнеапрацоўчы завод
Станіслаў Семінскі (Свістун) у 2020 годзе і яго магіла ў 2021 годзе

Падзяка за эмоцыі і ўсмешкі

Многія чытачы Hrodna.life, даведаўшыся пра смерць Свістуна, прапаноўвалі арганізаваць збор сродкаў на помнік музыку. З рэдакцыяй Hrodna.life звязаўся кіраўнік аддзела продажаў ТАА «Гродзенскі камнеапрацоўчы завод» Міхаіл Дзярнейка. Ён распавёў, што ў прадпрыемства ёсць жаданне і магчымасць паставіць помнік на магіле Свістуна бясплатна.

«Мы ганарымся родным горадам і яго жыхарамі. Пасля сумнай навіны пра смерць Станіслава, які граў на лісточках і стаў адной з самых вядомых асоб Гродна, вырашылі зрабіць для яго помнік. Так мы хочам аддзячыць яму за тыя эмоцыі і ўсмешкі, якія ён дарыў гараджанам і гасцям нашага горада на працягу доўгіх гадоў», — сказаў Міхась.

Глыба граніту з партрэтам і лістком

16 лютага Міхаіл даслаў у рэдакцыю Hrodna.life эскіз помніка. Ён мае выгляд груды з чорнага граніту з партрэтам у рост на фоне Фарнага касцёла. На месцы надмагільнай пліты — лісток ліпы. На лісці гэтага дрэва Станіслаў больш за ўсё любіў граць. Ліст на прадпрыемстве плануюць выканаць з зялёнага граніту. Пад ім будзе гранітны колаты брук.

Такі помнік можа каштаваць на прадпрыемстве каля $ 1500.

Чытайце таксама: Многие думали, что это легенда: смотрите, как Свистун выступал на рок-концерте в Гродно (ВИДЕО)

Камнеапрацоўчы завод плануе ўсталяваць помнік не раней восені 2021 года. Магчыма, і ў 2022 годзе, бо могілкі «Аўльс» даволі праблемныя з пункту гледжання грунтовых вод і структуры глебы, патлумачыў Міхаіл Дзярнейка.

На магіле Свістуна ўсталююць помнік. Спонсарам будзе камнеапрацоўчы завод
Магіла Семінскага знаходзіцца на ўскрайку могілак, у 88 сектары. Праз дарогу ад участка пачынаецца лес. Фота: Ірына Новік

Чым займаецца камнеапрацоўчы завод?

ТАА «Гродзенскі камнеапрацоўчы завод» уваходзіць у групу кампаній «Будоўля», якая працавала над добраўпарадкаваннем плошчаў Савецкай і Леніна, вуліцы Савецкай, уваходнай групы ГЦ «Нёман» і многіх іншых аб’ектаў. Прадпрыемства займалася добраўпарадкаваннем вакол драмтэатра, рэканструкцыяй «Лесвіцы кахання» ад замкаў да Нёмана і лесвіцы ад Каложскай царквы да набярэжнай. Цяпер група кампаній «Будоўля» удзельнічае ў рэканструкцыі Старога замка і палацавага-паркавага комплексу Свяцк.

Ці можна ўсталяваць помнік на магіле чужога чалавека?

Журналіст Hrodna.life спрабаваў даведацца ў «Спецаўтагаспадарцы» (арганізацыя абслугоўвае могілкі), ці могуць усталяваць помнік на магіле някрэўныя памерлага. Датэлефанавацца не ўдалося.