Увечары 30 сакавіка ў Жылічах (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) затрымалі Алеся Пушкіна. Ён працаваў там на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Затрыманне праводзілі чатыры міліцыянты Кіраўскага РАУС па запыце гродзенскіх калегаў.

«Яго скруцілі па руках і нагах, праз увесь гэты палац вывелі на вуліцу і запхалі ў машыну. Ён не хацеў сядаць, тады яго паклалі на жывот і скруцілі ногі», — распавёў калега Пушкіна у размове з «Радыё С**бода».

26 сакавіка супраць мастака ўзбудзілі крымінальную справу па ч.3 арт.130 КК («рэабілітацыя і апраўданне нацызму»). Нагодай стала дэманстрацыя партрэта Яўгена Жыхара на выставе мастака ў Гродне 19 сакавіка, паведаміла пракуратура.

Мастак вярнуўся ў Беларусь увечары 26 сакавіка. На момант, калі распачалі крымінальную справу, ён быў у Кіеве, на адкрыцці іншай выставы. Пасля вяртання ў яго доме ў вёсцы Бобр прайшоў вобшук, але тады Пушкіна не затрымлівалі.

Падазраваным па гэтай справе праходзіць таксама кіраўнік «Цэнтра гарадскога жыцця» Павел Мажэйка. Яго затрымалі 26 сакавіка і адпусцілі 29 сакавіка. Таксама прайшлі вобшукі ў сведкаў па справе — журналісткі і рэдактаркі спецпраектаў Hrodna.life Ірыны Новік і ўладальніка крамы «Адметнасць» Сяргея Верамеенкі.