За два тыдні карыстальнікі Facebook напісалі на старонцы Уладзіміра Караніка каля 3 тысяч каментараў. Чыноўнік вярнуўся ў сацыяльную сетку пасля пяцігадовага перапынку. Губернатара Гродзенскай вобласці пытаюцца пра каранавірус, масавую эміграцыю з краіны і заробкі. Вось якую ўмову для адказаў ён усталяваў.

Старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік зноў пачаў весці сваю старонку ў Facebook 1 красавіка 2021 года. Да гэтага апошні пост публікаваў ў 2016 годзе. На некаторыя пытанні падпісчыкаў ён дае адказы.

У посце ад 12 красавіка ён распавёў пра крытэрыі, па якім выбірае каментары для адказу. Яны павінны адпавядаць тэме і «прынцыпам вядзення дыскусій і культуры палемікі». Раней у адным з пастоў Каранік пісаў, што не будзе адказваць на частку каментараў, бо «яшчэ ў першых класах пачатковай школы ўсвядоміў бесперспектыўнасць дыскусіі ў стылі «сам дурань». Таксама губернатар абяцаў, што на пытанні, якія патрабуюць дадатковай кансультацыі, будзе «па меры сіл і магчымасцяў «размяшчаць адказы спецыялістаў.

Распавёў пра лес і бюджэт

Першыя адказы Уладзіміра Караніка на «пытанні па тэме» тычыліся вырубкі лясоў і ролі гродзенскіх прадпрыемстваў у бюджэце вобласці. Чыноўнік са спасылкай на профільных спецыялістаў прывёў статыстыку, якая павінна абвергнуць пазіцыю каментатараў. Гэтыя пасты выклікалі яшчэ большую дыскусію. Людзі не давяралі афіцыйным лічбам і выказвалі меркаванне, што губернатар сыходзіць ад праблемных момантаў.

Пытанні «не па тэме» чакаюць адказу

Пытанняў у канструктыўнай форме губернатару дасылаюць няшмат, пакуль большасць з іх застаюцца без адказу. Магчыма, з-за таго, што яны не звязаныя непасрэдна з тэматыкай постаў.

Напрыклад, карыстальнік Mikalai Koniuk пытаецца: «Якім чынам плануеце паляпшаць дабрабыт беларусаў? Цэны растуць, а зарплата толькі падае, і так ужо больш за 10 гадоў. У маленькіх гарадах людзі выжываюць на 300−500 рублёў у месяц на сям’ю, многія вымушаныя працаваць у Расіі на будоўлях і па паўгода не бачыць свае сем'і «. Mikalai Koniuk таксама хоча даведацца, што робяць улады, каб спыніць масавую эміграцыю з краіны.

«Вы гатовыя гарантаваць роўны доступ да працоўных месцаў грамадзянам згодна з іх адукацыяй і кампетэнцыямі ў Гродне і вобласці, прадстаўнікам апазіцыі, якія дазваляюць сабе крытыкаваць уладу? Бо ў Канстытуцыі прадугледжана права на свабоднае выказванне сваіх палітычных поглядаў, плюралізм меркаванняў», — цікавіцца Евгений Дудкин.

«Як вы ацэньваеце ўзровень алкагалізму ў вёсках Беларусі?» — задае пытанне Кірыл Атаманчык.

Людзі пытаюцца пра эканамічнае становішча калгасаў і прадпрыемстваў, пра тое, ці будуць заведзеныя крымінальныя справы па фактах гвалту, «чаму не расследуюцца катаванні на Акрэсціна». Цікавяцца, калі ўлада пойдзе на дыялог з апанентамі і правядзе сумесныя сустрэчы і мітынгі.

Чытайце таксама: «Больше всего на свете боюсь за детей и семью». Большое интервью Владимира Караника в цитатах

Пра кавід даведаемся пазней

На самае папулярнае пытанне «не па тэме» — пра рэальную статыстыку па COVID-19 — Уладзімір Каранік адказаў 11 красавіка. Ён пералічыў жахі, з якімі сутыкнуліся жыхары іншых краін — напрыклад, смерці ў дамах састарэлых у Іспаніі або рэфрыжэратары замест моргаў ў ЗША. «У нас маленькая краіна, такое схаваць немагчыма, гэтага проста не было!» — піша Уладзімір Каранік. І заклікае падпісчыкаў спыніць маніпуляцыі на гэтую тэму. Паглыблены аналіз смяротнасці, паводле яго, правядуць пасля завяршэння пандэміі.

Цытуе Русо і Цукерберга

Уладзімір Каранік за два тыдні стаў самым папулярным гродзенскім чыноўнікам на Facebook. Цяпер у яго 871 падпісчык. Пасты збіраюць сотні рэакцый і каментараў - ад захаплення да абраз.

На сваёй старонцы губернатар цытуе Русо, Дэмакрыта, Пятра I і Цукерберга. У публікацыях распавядае пра поспехі Гродзенскага рэгіёна. Піша пра пасяўную, узвядзенне маста праз Нёман, будаўніцтва анкадыспансера, адкрыццё стадыёна ў Лідзе, высадку дрэў пад Гожай, завод «Беллакт». Дазваляе сабе і асабістыя пасты. У іх, напрыклад, рэфлексуе пра свой досвед у інтэрнэце.

«Для мяне сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі - гэта працяг рэальнага жыцця, але ніяк не яго замена. Я быў здзіўлены, што для некаторых віртуальнае жыццё стала галоўным, часам цалкам падмяніўшы рэальнае. Таму адразу акцэнтую, што я заходжу ў Facebook для размяшчэння цікавай і карыснай, з майго пункту гледжання, інфармацыі аб рэальным свеце, а не ў імкненні ўцячы ад яго, як гэта, па маім назіранні, робяць многія з сталых наведвальнікаў «.

Чытайце таксама: