Дом Мураўёва на Савецкай плошчы амаль 25 гадоў быў то ў стане рэстаўрацыі, то закінуты. Цяпер рэстаўрацыя завершана. Новы гаспадар будынка — бізнесовец Станіслаў Сямашка — рыхтуе яго пад гасцініцу.

«Дом Мураўёва здадзены ў эксплуатацыю», — распавёў Hrodna.life Павел Клімовіч, галоўны інжынер праекта. Заключэнне дзяржбуднагляду (Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам) аб адпаведнасці праекту праектная арганізацыя атрымала 19 красавіка.

"Здадзены ў эксплуатацыю". Як выглядае дом Мураўёва ўнутры пасля рэстаўрацыі?
Так выглядае дом Мураўёва цяпер. Фота: Аляксей Шота

«Аб'ект нумар адзін»

Працы ў доме купца Мураўёва на Савецкай плошчы ідуць з пачатку 2020 года. Рэканструкцыяй будынка займалася ТАА «Европрестиж». Яно належыць Станіславу Сямашку, цяперашняму ўладальніку будынка. У былым доме купца Мураўёва, адным з самых вядомых будынкаў Гродна, будзе гасцініца. Адкрыццё планавалася на 2021 год. Пакуль уладальнік не раскрывае дэталяў.

"Здадзены ў эксплуатацыю". Як выглядае дом Мураўёва ўнутры пасля рэстаўрацыі?
На пярэднім плане — Станіслаў Сямашка. Фота: Аляксей Шота

Аб’ект быў вельмі складаны, падзяліўся Павел Клімовіч. Міністэрства культуры прад’яўляла да рэстаўрацыі сур’ёзныя патрабаванні. Было шмат этапаў узгаднення праекта, падчас будаўніцтва вялікая ўвага надавалася захаванню патрабаванняў і методык па рэстаўрацыі. «Знакавы аб’ект, лічыце — нумар адзін: па-першае, у гістарычным цэнтры, па-другое ў цэлым Гродне такіх аб’ектаў няшмат», — лічыць галоўны інжынер праекта.

Як аднавілі дэкор

Унутры гістарычнае аблічча і ляпніну аднавілі толькі ў агульнадаступных холах першага паверха. У астатнім будынку яго ўжо немагчыма было аднавіць, акрамя таго, рэканструкцыя пад гасцініцу меркавала перапланіроўку. «Калі заходзілі на аб’ект, увесь дэкор быў ужо згублены, — патлумачыў Павел Клімовіч. — Усё аднаўлялася па чарцяжах ад былога ўладальніка, гістарычных крыніц». Раней ён удакладняў, што ўнутраная частка будынка была ў аварыйным стане. Траплялася шмат комінаў і нішаў, якія даводзілася перарабляць.

Дызайн-праект унутранага дэкору дадаткова ўзгаднялі ў Міністэрстве культуры. Навуковым кіраўніком праекта была Алена Байнак.

З старых фрэсак захавалася карціна, якую папярэдні ўласнік перадаў на захоўванне ў музей. Яе адрэстаўраваў гродзенскі мастак Уладзімір Качан.

"Здадзены ў эксплуатацыю". Як выглядае дом Мураўёва ўнутры пасля рэстаўрацыі?
Карціна будзе экспанавацца ў будынку. Фота Ірыны Варкулевіч

У траўні 2020 года гараджане заўважылі на вежах дома яркі блакітны колер. Тады Павел Клімовіч казаў, што такі колер быў паказаны ў праекце папярэдняга ўласніка ад «Гроднаграмадзянпраект». Цяпер вежкі акаваныя меддзю і выглядаюць больш звыкла. Павел патлумачыў, што блакітны колер быў часовым тэхналагічным рашэннем — грунтоўкай для драўляны частак.

Памянялі сталярку, зрабілі прыбудову

Згодна з праектам, на першым паверсе будзе фае з лесвічным блокам, рэцэпцыя гасцініцы, лобі-бар, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. На астатніх трох паверхах — гасцінічныя нумары. Праект прадугледжваў замену сталяркі на драўляную паводле гістарычных памераў і ліфт без машыннага аддзялення, каб не мяняць аб’ём даху. У двары з’явілася прыбудова для злучэння дома Мураўёва і правага флігеля, а таксама для ўладкавання вінтавой лесвіцы выхаду на дах.

Цяпер у памяшканнях размяшчаюць мэблю, вешаюць абсталяванне, кандыцыянеры. Аздабленчыя працы завершаны, устаноўлена сантэхніка.

Гісторыя дома і яго доўгай рэстаўрацыі ў 25 гадоў

Лічыцца, што дом купца Мураўёва быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя ў стылі мадэрн. Гісторык Мечыслаў Супрон адшукаў у Гродзенскім архіве інфармацыю, што дом быў пабудаваны на фрагментах будынка XVII стагоддзя, і частку падвалаў можна аднесці менавіта да гэтага перыяду. Пра гэта сведчаць муры ў падвале і выкарыстаныя ў іх шматлікія валуны.

У розны час у будынку размяшчаліся жылыя памяшканні, Гродзенскае аддзяленне Беластоцкага камерцыйнага банка, крама мануфактурных тавараў, пякарня, фабрыка па пашыве адзення.

Дом быў багата ўпрыгожаны звонку і ўнутры: на вежачках былі гербавыя шчыты. У памяшканнях — ляпніна, коміны з кафляй, фрэскі на сценах. Ад моманту пабудовы да нядаўняга часу будынак быў пафарбаваны ў чырвоны колер.

"Здадзены ў эксплуатацыю". Як выглядае дом Мураўёва ўнутры пасля рэстаўрацыі?
Дом Мураўёва, 1952 г. Драўляны разны карніз на даху будынка бачны яшчэ на здымках сярэдзіны 1960-х гадоў

Да пачатку 1990-х дом Мураўёва займала абласная навуковая бібліятэка. З пачатку 1990-х будынак не выкарыстоўваўся, у 1995−96 гадах пад выглядам рэканструкцыі ён фактычна стаўся закінутым і разрабаваным. З 2006 года дом належаў «Беларускму народнаму страхавому пенсійнаму фонду». У 2012 годзе скончылася рэстаўрацыя фасада. Неўзабаве фонд ператварыўся ў ААСТ «Мегаполіс». Шмат гадоў арганізацыя не выконвала свае абавязацельствы па рэканструкцыі. У 2019 годзе будынак перайшоў да цяперашняга ўладальніка.

Чытайце таксама: Ігар Лапеха: «Дом Мураўёва можа стаяць на падмурку Сімяонаўскай царквы»