Руслан Кулевіч, журналіст Hrodna.life і краязнаўца, прэзентаваў свае кнігі «Горад адзін, успаміны розныя» і «Гісторыі з гродзенскіх вуліц» у Беластоку. У іх сабраныя ўспаміны гродзенскіх старажылаў пра міжваенны час і жыццё ў Гродне ў 1930−40-х гадах. Гэта першая прэзентацыя кнігаў аўтара за мяжой.

Прэзентацыя прайшла 16 чэрвеня ў Інстытуце культуры Падляшша. На яе прыйшлі каля 50 чалавек.

Чытайце таксама: «Хто нас, пенсіянераў, ведаў? А ён зрабіў нас героямі». У Гродне прадставілі новую кнігу Руслана Кулевіча

"У вымушанай камандзіроўцы". Руслан Кулевіч прэзентаваў у Беластоку свае кнігі пра гродзенцаў і знайшоў новых герояў
На прэзентацыю кнігаў пра гродзенцаў у Беластоку прыйшлі і прадстаўнікі беларускай дыяспары, і палякі, у тым ліку з гродзенскімі каранямі. Фота: Facebook

Палякі вельмі шануюць успаміны старажылаў, адзначыў Руслан Кулевіч. «У Беластоку шмат [такіх] выданняў, кніг. Да прыкладу, кніга пра вёску Баяры. У нас пра Пярэселку можна было б такую ж зрабіць. Тут і кніжкі, і фотаальбомы на іншым узроўні», — распавёў ён Hrodna.life.

Жыхарам Беластока цікавыя міжваенны ўспаміны гродзенцаў. Паміж Гроднам і Беластокам усяго 80 км, іх многае аб’ядноўвае. «Многія гродзенцы ездзілі ў Беласток. Раней мяжы не было. У жыхароў Беластока гісторыі, падобныя на гісторый гродзенцаў: да 1939-га былі пад Польшчай, потым прыйшлі немцы, потым саветы, потым немцы. Потым мы засталіся ў БССР, а Беласток адышоў да Польшчы. Але тут памятаюць гродзенцаў, і нават ёсць вуліцы, названыя ў гонар гродзенцаў».

«Мая задача была паказаць, што Гродна і Беласток побач, і гэта гарады не проста, як іх называюць, пабрацімы, а ёсць і вялікая сувязь. Прэзентацыю рабіў простай мовай, так, як мне распавядалі мае героі - тутэйшай, якая зразумелая на прымежжы — гэта сумесь польскай, беларускай і рускай», — распавёў Руслан.

Пераклад кніг на польскую пачалі, яшчэ калі Руслан быў у Гродне — тады дапамагаў валанцёр. Цяпер ідзе праца над больш прафесійным варыянтам. «Думаю, да канца лета мы ўжо ўсё зробім, і плануем тур па гарадах Польшчы, каб больш расказаць пра Гродна і гродзенцаў». Пераклады на іншыя мовы пакуль не плануюцца.

Працягвае шукаць гродзенцаў

Амаль усе гатова для кнігі «Гродзенцы здалек» — пра жыхароў замежжа з гарадзенскімі каранямі, распавёў Руслан Кулевіч. У планах і трэцяя частка ўспамінаў сталых гарадзенцаў. «Я б, вядома, хацеў рабіць гэта ўсё ў Гродне, але пакуль вярнуцца не магу».

У Польшчы Руслан працягвае шукаць гродзенцаў, якія памятаюць даўнія часы. Ездзіў у Шчытна, запісаў двух жанчын у Беластоку. «Імя працуе на мяне, пра тое, што шукаю гродзенцаў, расказваў і на радыё». На прэзентацыі Руслан таксама сустрэў новую гераіню для трэцяй кнігі ўспамінаў. Гэта гродзенка 1935 года нараджэння з Ласосна. Яна выехала ў Польшчу ў час апошняй рэпатрыяцыі ў 50-х гадах. «Прыходзілі і тыя, каго я запісваў, але не паспеў апублікаваць — жыхары Беластока. Стэлефанаваліся з Каралем Калвейтам, героем другой кнігі».

"У вымушанай камандзіроўцы". Руслан Кулевіч прэзентаваў у Беластоку свае кнігі пра гродзенцаў і знайшоў новых герояў
У Беластоку Руслан працягвае журналісцкую працу і здымае аўтарскі праект. Фота: Facebook

Руслана Кулевіча называлі самым хуткім журналістам Гродна. Ён пакінуў Беларусь у 2020 годзе пасля жнівеньскіх падзей. Працягвае журналісцкую працу, здымае свой відэапраект «Мы вернемся» пра беларусаў, якія вымушаныя былі з’ехаць.

«Я разумею, што гродзенскія навіны ўсё далей ад мяне. Хачу, вядома, хутчэй вярнуцца дадому. Пакуль у вымушанай камандзіроўцы — збіраю гісторыі».

Чытайце таксама: