Шасцярых гродзенскіх амапаўцаў, нібыта пацярпелых падчас акцыі пратэсту ў верасні 2020 года, дапыталі ў судзе 14 чэрвеня. Некаторыя «не памятаюць», ці наносіў ім абвінавачаны Андрэй Сакалоўскі ўдары, але просяць пакрыць маральную шкоду. Адзін з байцоў пасля пытанняў адваката адмовіўся ад іску — прызнаў, што абвінавачаны не наносіў яму ўдары. Сакалоўскага судзяць за счэпку на вул. Гарнавых 6 верасня мінулага года.

Дырэктара прыватнай фірмы Андрэя Сакалоўскага судзіць Маргарыта Ланцэвіч у судзе Кастрычніцкага раёна. 38-гадовы Андрэй жанаты, у яго шасцігадовае дзіця. 5 чэрвеня у Сакалоўскага быў дзень нараджэння — ён яго сустрэў у СІЗА. 12 красавіка яго затрымалі, праз трое сутак заключылі пад варту. Дзяржабвінаваўца па справе — пракурор Нічыпарук, які раней удзельнічаў у падобных крымінальных справах.

 — Мы цябе вельмі любім і чакаем! — кажа ягоная жонка, пакуль людзі ўваходзяць у залу пасяджэння і выходзяць. Яна праходзіць па справе сведкам, таму не прысутнічае на пасяджэнні да свайго апытання. Андрэй трымаецца спакойна і адказвае жонцы, што ў яго ўсё ў парадку і яму ўсяго хапае.

Андрэя абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК. Паводле версіі пракурора, 6 верасня 2020 года Андрэй прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Сярод іншага, на думку пракурора, ён «пасягаў на грамадскі спакой, парушаў умовы адпачынку грамадзян, перашкаджаў руху транспарту». Аўтобусны парк і тралейбуснае ўпраўленне панеслі шкоду прыкладна ў 100 рублёў. Паводле версіі пракурора, Сакалоўскі з іншымі гродзенцамі выстраіліся ў шэраг, падышлі ўшчыльную да амапаўцаў, працягвалі рух, пачалі іх выштурхоўваць сваім целам і хапаць рукамі. Гэтым яны, на думку дзяржабвінавачання, прычынілі амапаўцам фізічны боль і пабоі.

Андрэй віну не прызнаў.

Пацярпелых амапаўцаў засакрэцілі

У справе некалькі пацярпелых амапаўцаў, дадзеныя якіх засакрэцілі. Яны ж праходзілі ў іншай справе, па якім чатыры гродзенцы атрымалі да 3,5 гадоў «хіміі», і ў працэсе над трыма гродзенкамі, адна з якіх хворая на анкалогію. Амапаўцаў дапыталі за шырмай.

41-гадовы амапавец «Іван Іваноў» сказаў, што няшмат памятае пра тыя падзеі. «На ўзроўні штуршкоў, можа быць», — адказаў у судзе Іван Іваноў на пытанне пра гвалт у дачыненні да яго. Цялесных пашкоджанняў у яго не было. З рапартам да начальства ён не звяртаўся, абвінавачанага не запомніў. У паказаннях у яго іншая версія: «Група грамадзян у сілавой счэпцы пачала актыўна выціскаць нас. Гэта значыць, грамадзяне пачалі мяне штурхаць у розныя часткі цела, ад якіх я адчуваў боль».

"Пабалела і ўсё". Пацярпелы амапавец адмовіўся ад іску пасля пытанняў адваката
Так у судах Гродна хаваюць амапаўцаў - яны выступаюць за шырмай. Фота: Алена Кавальчук

Прэтэнзій не мае, але іск склаў

«Нічога не памятаю з таго моманту, шмат часу прайшло, — распавёў амапавец „Аляксандр Белы“. — Былі штуршкі, некаторыя ўдары наносіліся». Цялесных пашкоджанняў ён не атрымаў. «Упіраліся, адштурхваліся», — распавёў ён пра «супраціў» людзей пры затрыманні.

Белы не ведаў Сакалоўскага і не ўяўляў, як ён выглядае. Якія боль і пабоі яму прычыніў Андрэй, Белы «не памятаў». З рапартам пра збіццё амапавец не звяртаўся, хуткую не выклікаў, кіраўніцтву не скардзіўся. Тым не менш, ён папрасіў спагнаць з Сакалоўскага 1000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Ён сцвярджаў, што яго пакуты выказаліся ў «фізічным болю, адхіленні ад звычайнага стану здароўя, адчуванні дыскамфорту, эмацыйных перажываннях з-за неабходнасці тлумачыць кіраўніцтву і калегам абставіны атрымання траўмы». Дзеянні Сакалоўскага прадэманстравалі яго перавагу, а падзеі Белы ўспрыняў як «удар па аўтарытэце». Андрэй не пагадзіўся з іскам.

— Вы на сённяшні дзень якія-небудзь прэтэнзіі да Сакалоўскага маеце? — спытаў адвакат.

 — Не маю.

— Ад вас паступіла іскавая заява, падпісаная вамі 9 чэрвеня — некалькі дзён таму. У сваёй іскавай заяве аб кампенсацыі маральнай шкоды вы апісваеце цалкам усе абставіны, у выніку якіх непасрэдна Сакалоўскі ужыў у адносінах да вас гвалт, якім чынам ужыў, дзе адбывалася, што адбывалася. Чаму зараз вы нічога не памятаеце? — удакладніла суддзя. — Гэта іскавую заяву вы наогул складалі?

 — Было, было, складаў.

 — Дык чаму вы там апісваеце абставіны падрабязна, а сёння нічога не можаце сказаць?

 — Як там напісана, так і ёсць. […]

— Дадзеная іскавая заява супярэчыць усім паказанням, якія вы давалі ў судовым пасяджэнні. Скажыце, калі ласка, як гэта расцэньваць? — запыталася адвакатка.

— Забыўся!

 — Да 9 чэрвеня вы ўсё памяталі, а пасля 9 чэрвеня забыліся? Сёння 14 чэрвеня.

 — Ну, бывае такое. [ … ] Так быў прычынены фізічны боль, пабалела і ўсё, я што, павінен звяртацца [з рапартам — Hrodna.life]?.. Чаму вы ў судзе не сказалі, што вам «пабалела і ўсё»? Менавіта ад Сакалоўскага вам «пабалела і ўсё»?

"Пабалела і ўсё". Пацярпелы амапавец адмовіўся ад іску пасля пытанняў адваката
Гродна 6 верасня пасля падзяў з амапаў. Фота: чытачы Hrodna.life

Падчас апытання адвакатам амапавец сказаў, што іск яму складала следчая Алеся Чапля, да якой яго выклікалі, хоць справа ўжо была ў судзе. На яго словах суддзя абвясціла аб перапынку на абед. Пасля абеду Белы ўдакладніў, што складаў заяву сам, а ў следчага раздрукоўваў. Сярод іншага, ён чуў ад Сакалоўскага пагрозы і абразы, пасля чаго ў яго «асадак застаўся», «растройства арганізма», «ціск падняўся на эмоцыях». Пра гвалт з боку абвінавачанага сказаў: «Можа, ад гэтага грамадзяніна мне таксама шо-та перапала».

Адзін з амапаўцаў адмовіўся ад іску

З аналагічнымі іскамі звярнуліся яшчэ чатыры амапаўцы. Пры гэтым «Павел Лабкоў» не змог сказаць у судзе, хто быў у счэпцы. З «Юрыя Базылевіча» сарвалі маску спачатку і ён не ўдзельнічаў у затрыманнях, бо баяўся, што яго сфатаграфуюць і будуць «абзываць у чатах». «Леанід Скрабатун» не бачыў Сакалоўскага ў той дзень і пасля паўгадзіны апытання і дачы супярэчлівых паказанняў адмовіўся ад іску. «Андрэя Аскерку» працягнуць апытваць 22 чэрвеня.

Абвінавачаны Андрэй Сакалоўскі задаваў кожнаму амапаўцу адно пытанне: «Калі я аказваў супраціў і штурхаў супрацоўніка, чаму я не быў затрыманы?». Яго ў той дзень амапаўцы давялі да спецтранспарту, але адпусцілі - пратакол затрымання на Андрэя не склалі. Ён не можа зразумець, як «праявіўшага ўсёдазволенасць», «асабліва заўзятага і буянага» маглі адпусціць.