Пацярпелых байцоў АМАП па справе Андрэя Сакалоўскага працягнулі апытваць у судзе 22 чэрвеня. Адзін з іх падаў грамадзянскі іск аб кампенсацыі маральнай шкоды, але пасля дачы паказанняў адмовіўся ад яго. Гэтак жа паступіў іншы пацярпелы на папярэднім пасяджэнні.

Усіх амапаўцаў дапыталі за шырмай пад псеўданімамі. Дзверы пакоя, праз які яны ўваходзілі, перыядычна адчыняліся. Прысутныя турбаваліся, што пацярпелыя могуць слухаць паказанні адзін аднаго. Кожны наступны сапраўды успамінаў у тлумачэннях больш, чым папярэдні.

Дырэктара прыватнай фірмы Андрэя Сакалоўскага судзіць Маргарыта Ланцэвіч у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. 38-гадовы Андрэй жанаты, у яго шасцігадовае дзіця. Андрэя абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК. Паводле версіі пракурора, 6 верасня 2020 года Андрэй прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Чытайце таксама: «Поболело и всё». Потерпевший омоновец отказался от иска после вопросов адвоката

«Завадатары, арганізатары»

32-гадовы «Віктар Духоўскі» распавёў, што ў той дзень яны рушылі да былой фабрыкі марожанага «Молочного мира» на вуліцы Гарнавых. Падышоў натоўп людзей са сцягамі і лозунгамі, людзі ўсталі ў счэпку, перакрылі дарогу, і натоўпам рушылі на АМАП, спрабуючы прайсці ў цэнтр. «Агрэсіўныя, у счэпку сталі, аралі «душы мянтоў», — успомніў «Віктар Духоўскі». Пры гэтым, па яго словах, людзі спрабавалі ўдарыць супрацоўнікаў.

 — Непасрэдна вам былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні ў працэсе затрымання? — удакладніў пракурор.

— Такія, каб звяртацца па медыцынскую дапамогу, — не.

Пацярпелы затрымліваў «завадатараў, арганізатараў» — тых, хто «правакаваў натоўп на ўжыванне гвалту і ўжываў гвалт». Затрымліваў ён і мужчын, і жанчын. Аб затрыманні Андрэя Сакалоўскага не памятаў. Памятаў, што той стаяў у натоўпе і «заклікаў і правакаваў на гвалт людзей». Чаму ў такім выпадку Сакалоўскага адпусцілі з РАУС, «Віктар» быў «без найменшага паняцця».

У паказаннях, дадзеных у кастрычніку, «Віктар» казаў пра жанчыну, якая схапіла яго за твар і спрабавала сцягнуць з яго маску, іншыя людзі хапалі яго і іншых супрацоўнікаў за форму, штурхалі, спрабавалі ўдарыць. Аб Сакалоўскім там гаворкі не ішло, хоць у яго пазнавальная знешнасць і татуіроўкі. «Віктар» сказаў, што яму паведамілі дадзеныя Сакалоўскага «перад тым, як ісці ў суд». Хто і калі сказаў, ён не памятаў. У іншых крымінальных справах, дзе «Духоўскі» праходзіў пацярпелым, ён даваў іншыя паказанні. Адвакат папрасіла запатрабаваць іх на наступнае пасяджэнне і правесці праверку пракуратурай аб дачы паказанняў.

— Так у выніку абвінавачаны ў дачыненні да вас які-небудзь гвалт ўжываў?

— Калі не памыляюся, не. Ён заклікаў людзей біць міліцыю, спрабаваў прарывацца, правакаваў натоўп, каб прарвацца ў цэнтр.

 — Пагрозы прымянення ў дачыненні да вас ён выказваў?

— Не.

Адзін з пацярпелых адмовіўся ад іску

«Андрэй Вавілонаў» сказаў, што людзі «пастаянна крычалі, штурхаліся», пасля чаго станавіліся ў счэпкі - там былі «самыя актыўныя каардынатары, завадатары».

«Станавіліся ў счэпкі і ішлі на сілавы супраціў супраць міліцыі. <…> Людзі піхалі пастаянна, хтосьці спрабаваў зрываць балаклавы з твараў супрацоўнікаў, хтосьці спрабаваў наносіць нейкія ўдары рукамі».

У справе іншыя паказанні: «Андрэй» быў у будынку АУС, а потым паехаў на мітынг да міні-рынку каля ўніверсама «Брэст». «Андрэй» патлумачыў, што быў да АУС ля «Молочного мира». Тым не менш, ён папрасіў прыняць як сапраўдныя паказанні, дадзеныя раней. Па гэтай прычыне ён адмовіўся ад грамадзянскага іску аб кампенсацыі маральнай шкоды.

Затрыманне з загібам рукі

«Ігар Мінько» распавёў, што людзі станавіліся ў счэпку, хапалі іх за твар, рукі, форменнае адзенне. З яго спрабавалі сарваць маску, хапалі за форму, але цялесныя пашкоджанні не прычынілі. «Завадатараў» амапавец не заўважыў. Сам ён людзей не затрымліваў, Сакалоўскага не памятае.

«Аляксандр Дэрбук» затрымліваў Андрэя Сакалоўскага. Ён успомніў, што абвінавачваны быў «актыўным». Пры затрыманні ён упіраўся, штурхаўся, на што амапавец узяў яго за руку і пачаў выцягваць. Сакалоўскі ўцёк, але пазней «Дэрбук» яго затрымаў, захіліўшы яму руку за спіну, і змясціў у спецтранспарт. Пры гэтым Сакалоўскі спрабаваў яго абхапіць. «Я ўсіх сваіх затрыманых памятаю», — заявіў «Дэрбук». Ён адчуў боль пры затрыманні. «Мы выдатна бачым, што ён [Сакалоўскі - рэд.] моцны хлопец», — лічыць амапавец. Ён яшчэ думае над тым, накіраваць іск абвінавачанаму. Пасяджэнне працягнецца 5 ліпеня ў 10.45.