Актывіст атрымаў 30 сутак за БЧБ-сцяг на намёце ў лесе. Гродзенка патрабуе, каб судовы працэс вялі па-беларуску. Палітвязні ў СІЗА патрапілі ў карцэр, а палітвязні на хіміі сталі на ўлік як «схільныя да дэструктыўных дзеянняў». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося за тыдзень ад 21 да 27 чэрвеня ў Гродне і вобласці.

Штраф за значок «Пагоня»

21 чэрвеня ў Гродзенскім абласным судзе разглядалі скаргу Алега Кокаша, якога раней аштрафаваў Навагрудскі раённы суд. Разглядаў скаргу суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Алега Кокаша 14 траўня аштрафавалі на 100 базавых велічынь (2900 руб.) паводле ч. 3 арт. 24. 23 КаАП. Прычына — налеплены на фотаапарата чахол значок з гербам «Пагоня». Гэты значок Кокаш насіў да гэтага 30 гадоў. Справу разглядаў судзьдзя Ігар Волчак.

Суддзя Бубенчык пакінуў рашэнне Навагрудскага раённага суда без зменаў. Чахол з «Пагоняй» знішчаць. Пад арыштам у кошт штрафу пакінуць фотаапарат Nikon D600, два аб’ектывы, смартфон Huawei, паведамляе «Гарадзенска вясна». Пенсія Кокаша складае 360 рублёў. Гэта ў восем разоў менш за атрыманы штраф.

Гродзенка патрабуе весці судовы працэс па-беларуску

Гродзенка Таццяна Кашко патрабуе, каб судовы працэс над ёй вялі па-беларуску. Але суддзя Алена Пятрова ёй у гэтым адмаўляе. Разгляд справы пачаўся ў судзе Ленінскага раёна 22 чэрвеня. Судзяць Таццяну паводле арт. 369 КК за абразу ў Telegram-канале Віталя Стасюкевіча з УУС Гродзенскага аблвыканкама.

«Следства большую частку займалася зборам доказаў таго, што я ведаю расейскую мову, а не па сутнасці справы», — заявіла Таццяна Кашко на першым судовым пасяджэнні.

— Доказам таго, што я нібыта валодаю расейскай мовай, з’яўляецца мая выпіска з атэстату 27-гадовай даўніны, дзе ў мяне па расейскай мове стаіць «выдатна». Спадзяюся, і ў пракурора, і ў следчага таксама былі выдатныя адзнакі па роднай мове, як у мяне па ўсіх прадметах. А таксама лісток уліку кадраў 12-гадовай даўніны. Але, як я заявіла, што я не карыстаюся расейскай мовай ужо шмат гадоў, то мае навыкі валодання расейскай мовай страчаныя. І таму я патрабую, каб працэс вёўся па-беларуску. Лічу, што мае правы прыніжаны, ажыццяўляецца дыскрымінацыя мяне менавіта як беларускамоўнай грамадзянкі. І гэты працэс паказальны ў тым плане, як наша дзяржава ставіцца да беларускай мовы і да беларускай культуры наогул. У законе аб мовах заяўляецца, што Рэспубліка Беларусь гарантуе ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай мовы. Я, як беларуска, выбіраю сваёй мовай зносін мэтанакіравана беларускую мову і хачу ўдзельнічаць у яе развіцці і захаванні, — перадае словы Таццяны «Гарадзенская вясна».

Крымінальная справа за здзек са сцяга

Увечары 15 чэрвеня працаўніца гродзенскай пральні ўбачыла, як незнаёмы здымае з будынка сцяг. На яе заўвагу ён не адрэагаваў і зламаў аб бардзюр дрэўка. Пасля выхадкі мужчына ўцёк, а жанчына выклікала міліцыю.

Па запісах з камер вонкавага назірання сышчыкі ўсталявалі парушальніка. Са слоў 34-гадовага жыхара Гродна, ён адважыўся на выхадку, будучы п’яным. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу за здзек з дзяржаўнага сцяга, паведамляе гродзенская міліцыя.

30 сутак за сцяг на намёце ў лесе

23 чэрвеня ў Дзятлаўскім раённым судзе разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да Віктара Мацкевіча.
Яго затрымалі 19 чэрвеня непадалёк вёскі Баравікі, што на рацэ Моўчадзь каля санаторыя «Радон». Прычына затрымання — бел-чырвона-белы сцяг на намёце. У выніку суддзя Дзятлаўскага раённага суда Наталля Лобан прысудзіла Мацкевічу 30 сутак арышту за «пікетаванне», паведамляе «Гарадзенская вясна».

Абвінавачаны — у вышуку

24 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна павінен быў пачацца новы судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да гродзенца Андрэя Банушкевіча. Яго судзілі за абразу (арт. 369 КК) Лідзіі Ярмошынай, Юрыя Караева і супрацоўніцы АМАП Марыі Мазуркевіч. Ад яе паступіў грамадзянскі іск аб кампенсацыі маральнай шкоды.

Суддзя на працэсе — Маргарыта Ланцэвіч, пракурор — Георгій Смольскі. Абвінавачаны Андрэй Банушкевіч у суд не прыйшоў. Яго абвясцілі ў вышук, паведамляе «Гарадзенская вясна».

За падзеі верасня мінулага года затрымалі 50-гадовую гродзенку

Аператыўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) затрымалі 50-гадовую жыхарку Гродна за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Гаворка ідзе аб «маршы адзінства», які прайшоў у горадзе ў верасні 2020 года.

Разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі жанчына выходзіла на праезную частку, блакуючы рух, а таксама стаяла «ў счэпцы», аказваючы непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянтаў. У дачыненні да яе распачалі крымінальную справу.

Чарговы суд за падзеі жніўня

19-гадовую жыхарку Лідскага раёна асудзілі на 2,5 года «хіміі». Яе судзілі за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт.369 КК)

Жыхарка Лідскага раёна ў жніўні 2020 года ў адным з Telegram-чатаў размясціла публікацыю з заклікамі да арганізацыі групавых супрацьпраўных дзеянняў. Пасля пад публікацыяй іншага карыстальніка пакінула абразлівы каментар у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, паведамляе пракуратура.

Коратка:

  • Палітзняволеная Кася Будзько заразілася каранавірусам. Бацька мяркуе, што ў дачыненні да яе распачалі новую крымінальную справу — па «уцечцы інфармацыі».
  • Дзяніса Івашына 21 чэрвеня змясцілі ў карцар. Жонка палітвязня Вольга падала скаргу на парушэнне правоў яе мужа. Вольгу Маёраву 22 чэрвеня з карцэра адпусцілі.
  • Гродзенскага музыканта Ігара Банцэра на «хіміі» паставілі на ўлік «за экстрэмізм» — як «схільнага да дэструктыўных дзеянняў», паведамляе «Радыё С**бода».
  • Палітвязень Анджэй Пачобут 21 дзень, да 8 ліпеня, правядзе на турэмным каранціне.
  • Яна Дайліда і Пятра Грэцкага прызналі палітзняволенымі. Яны праходзілі па справе разам з Іллёй Паланянкіным.
  • Скаргу Аляксандра Арановіча ў Гродзенскім абласны не задаволілі. Ён правядзе шэсць гадоў у калоніі.
  • На Гродзенскім мясакамбінаце збіраюць подпісы супраць санкцый.
  • У Гродне яшчэ адзін пацярпелы амапавец адмовіўся ад іску ў судзе.
  • Беларусы Беластока выйшлі на акцыю салідарнасці.
  • У Гродне затрымалі ўрача-анестэзіёлага. Яго чакае суд.
  • Суддзя, які вынес прысуд Вітольду Ашурку, трапіў пад санкцыі.
  • «Цэнтр гарадскога жыцця» усё ж ліквідуюць. Апеляцыйная камісія пакінула ў сіле рашэнне суда.
  • Сямёра суддзяў у Гродзенскай вобласці сышлі з працы. Некаторых перавялі ў раённыя суды
  • Пракуратура выказалася пра ціск на Гродзенскі дзіцячы хоспіс.
  • Сям’ю Алеся Дзянісава выклікалі ў СК. Яны далі падпіску аб неразгалошванні.
  • Аляксандр Лукашэнка наведаў Свіслацкі раён.

Чытайце таксама: