Відэа супраць санкцый пачалі з’яўляцца ў Instagram прафсаюзаў Гродна 23 чэрвеня. На 2 ліпеня іх ужо больш за дзве сотні. Паводле інфармацыі некаторых інтэрнэт-рэсурсаў, такія відэа работнікі запісвалі не па ўласным жаданні, а па вельмі настойлівай просьбе кіраўніцтва. Карэспандэнтка Hrodna.life паглядзела, аб чым кажуць гродзенцы у такіх роліках.

«Я выступаю супраць санкцый у дачыненні да нашай роднай, любімай Беларусі, таму што хачу жыць, працаваць і развівацца ў свабоднай і незалежнай краіне», — лічыць працаўніца прафсаюза ў Воранава. «Выступаю супраць санкцый, таму што хачу жыць у спакойнай і незалежнай дзяржаве», — сказала дзяўчына, якая прадставілася Вольгай Лебедзевіч.

«З нагоды санкцый, якія цяпер спрабуюць навязаць нам з таго боку мяжы… Я лічу, што гэта дзеянні слабавольных, слабахарактарных людзей. Проста калі не задавальняюць дзеянні кіраўніцтва нейкай дзяржавы, то санкцыі ў асноўным б’юць па простых людзях. Таму сэнс… Іх нібыта добрыя намеры — праблема простых людзей, звычайных грамадзян. Таму я супраць любых санкцыяў», — кажа гродзенец.

«Я заклікаю Еўрасаюз адмяніць санкцыі, так як гэта прывядзе да пагаршэння эканомікі нашай краіны і ўзроўню даходаў насельніцтва», — лічыць супрацоўніка Дзятлаўскага райвыканкама.

«Да санкцый супраць дзяржавы я стаўлюся адмоўна, таму што, караючы дзяржаву, у першую чаргу караюць простых людзей: пагаршаецца наш матэрыяльны стан. Караюць медыцыну, педагогаў, пенсіянераў, якія атрымліваюць сацыяльнае забеспячэнне», — паведаміла гродзенка, якая неназвалася.

Аб чым яшчэ гаварылі ў відэа:

  • жаданні спакойна жыць і выхоўваць дзяцей,
  • парушэнні права на працу,
  • жаданні жыць у «квітнеючай», «мірнай», «моцнай» і «незалежнай» Беларусі",
  • «неабгрунтаваных» санкцыях,
  • ціску на «простых людзей»,
  • праблемах эканомікі,
  • любові да Беларусі.

Хто запісаў такія відэа?

Гэта работнікі прафсаюзаў, цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, інтэрнатаў для састарэлых людзей, сацыяльныя работнікі, супрацоўнікі выканкамаў і іншых дзяржаўных структур і прадпрыемстваў. Відэа запісвалі як у Гродне, так і ў раёнах.

У сярэднім відэа доўжацца не больш за 20 секунд. Яны набіраюць па 50−200 праглядаў. У Instagram іх можна знайсці па хештегу #белорусыпротивсанкций. Па ўсёй краіне іх запісалі больш за тысячу.

Фразы і думкі ў відэа вельмі падобныя і паўтараюцца. Відэа знятыя па адной схеме: «Я, прозвішча, імя, месца працы, выступаю супраць санкцый, таму што…». Як менавіта санкцыі перашкаджаюць ім любіць краіну і квітнець Беларусі, выступоўцы не ўдакладнілі.

Чытайце таксама: