З 16 ліпеня гродзенцы могуць зрабіць прышчэпку ад каранавируса не толькі ў паліклініцы па месцы жыхарства. Вакцынавацца можна паміж пакупкамі ў гандлёвых цэнтрах OldCity і Triniti. Журналісты Hrodna.life паглядзелі, як праходзіла вакцынацыя.

У Triniti прышчэпкі робяць у медпункце коўзанкі. А 17.00 медыкі пачалі працу. Уваход на каток і ў медпункт адзін, таму тыя, хто хацеў вакцынавацца, змяшаліся з тымі, хто хацеў пакатацца на каньках. Ахвочыя прышчапіцца прыйшлі ўжо ў першыя паўгадзіны працы пункта вакцынацыі.

«Я вельмі сур’ёзна перахварэў на каранавірус, — распавёў Hrodna.life Дзмітрый Елісееў. — Вельмі складаная, непрыемная хвароба. Я каля месяца адыходзіў толькі. Літаральна пазаўчора прайшоў тэрмін пасля хваробы, калі я магу вакцынавацца. Адразу вырашыў, што зраблю прышчэпку. Зараз я адчуваю сябе выдатна і хачу, каб і далей так было».

Лекары ад каментара для Hrodna.life адмовіліся.

Перад вакцынацыяй медыкі запісваюць пашпартныя дадзеныя і аглядаюць пацыента. Калі няма супрацьпаказанняў, робяць прышчэпку. Пасля ўколу пацыентаў просяць застацца на паўгадзіны для назірання за самаадчуваннем.

Для прышчэпкі тут выкарыстоўваюць двухфазную вакцыну «Спутник V». Другую дозу прышчэпленыя ў гандлёвых цэнтрах пацыенты могуць атрымаць як у паліклініцы, так і ў гандлёвым цэнтры, на іх выбар.

Пункты вакцынацыі ў гандлёвых цэнтрах працягнуць працу з 19 па 23 ліпеня. Папярэдні графік працы на гэтыя дні:

  • з 16.00 да 19.00 у OldCity;
  • з 17:00 да 20:00 у Triniti;
  • у суботу 24 ліпеня ў абодвух гандлёвых цэнтрах з 12.00 да 15.00.

На 10 ліпеня ў Гродзенскай вобласці вакцынавана каля 10% насельніцтва першым кампанентам і 7% - другім кампанентам вакцыны. З сярэдзіны ліпеня ў Беларусі пачнуць рабіць прышчэпкі замежнікам ад COVID-19.