Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падтрымаў прапанову ўрада аб неабходнасці ўвядзення надзвычайнага становішча на польска-беларускім памежжы. 2 верасня ён падпісаў адпаведнае распараджэнне.

Надзвычайнае становішча закране 183 населеныя пункты (115 у Падляшскім і 68 у Люблінскім ваяводствах), якія размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад мяжы з Беларуссю. Рашэнне ўступіць у сілу з моманту апублікавання, паведамляе Оnet.pl. Надзвычайнае становішча на прымежных тэрыторыях мяркуюць увесці на 30 дзён.

Такое рашэнне сярод іншага пашырыць паўнамоцтвы праваахоўных органаў, абмяжуе магчымасць правядзення масавых і культурных мерапрыемстваў, абавяжа жыхароў насіць пры сабе дакументы, якія сведчаць асобу.

Дакумент аб увядзенні надзвычайнага становішча таксама перададуць у Сейм, які павінен пацвердзіць рашэнне прэзідэнта. Ніжняя палата збярэцца, хутчэй за ўсё, 6 верасня. Дэпутаты маюць права адхіліць прэзідэнцкі ўказ, але для гэтага трэба рашэнне большасці. Палітычныя спрэчкі яшчэ працягваюцца. Гэта першая афіцыйная прапанова аб увядзенні аднаго з трох тыпаў надзвычайнага становішча ў Польшчы з 1981 года, калі было абвешчана ваеннае становішча.

Таксама Польшча распачала будаўніцтва агароджы з калючага дроту вышынёй 2,5 метра на мяжы з Беларуссю. Пра будаўніцтве такога плота яшчэ ў ліпені абвясцілі Літва і Латвія. Падставай для гэтага стаў наплыў парушальнікаў мяжы, якія транзітам праз Беларусь спрабуюць трапіць у краіны Еўразвязу. З пачатку 2021 года Літва затрымала больш за 4 тысячы мігрантаў, Латвія — блізу 400 чалавек. Паводле афіцыйных дадзеных, у жніўні зафіксавалі больш за 3 тысячы спробаў нелегальна трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі.

У ліпені праз плынь мігрантаў з боку Беларусі надзвычайную сітуацыю ў краіне абвесціла Літва. У жніўні на тры месяцы надзвычайнае становішча ў сумежных з Беларуссю раёнах увяла Латвія.

Чытайце таксама: Литва начала разворачивать нарушителей границы: принято официальное решение

Пра тое, што Беларусь абмяжоўвае краіны ЕС ад наплыву мігрантаў, Лукашэнка казаў неаднойчы. Верагоднасць таго, што Беларусь у адказ на санкцыі Захаду пачне прапускаць мігрантаў таксама разглядалася экспертамі яшчэ ў 2011 годзе. Зараз еўрапейскія палітыкі вінавацяць ва ўзросшым патоку мігрантаў беларускую ўладу і называюць гэта часткай гібрыднай агрэсіі.

Падчас звароту да парламента 26 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў - зараз будзеце самі іх есці і лавіць».