Гродзенскі журналіст і палітвязень Анджэй Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Яму прыйшоў ужо трэці ліст ад Юрыя Васкрасенскага. У сваім апошнім лісце журналісту ён напісаў, што мае намер прадстаўляць ягоныя інтарэсы і прасіць аб вызваленні, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У адказ на ліст палітвязень паведаміў, што нікому не даваў паўнамоцтваў прадстаўляць свае інтарэсы ў пытанні памілавання.

Хто такі Юрый Васкрасенскі і колькі лістоў ён ўжо даслаў?

Юрый Васкрасенскі быў ўдзельнікам каманды Віктара Бабарыкі. Каардынаваў сбор подпісаў у Першамайскім раёне Мінска. Пасля выбараў Васкрасенскага затрымалі. Знаходзячыся ў СІЗА КДБ Юрый Васкрасенскі напісаў яўку з павіннай.

Пасля вызвалення Васкрасенскі ўзначаліў «Круглы стол дэмакратычных сілаў». Ён дасылае лісты палітзняволеным з прапановай напісаць прашэнне аб памілванні на імя Лукашэнка. Згодна з гэтымі лістамі ў зняволеных ёсць шанец выйсці на свабоду да 17 верасня (Дзень народнага адзінства — заўв. Hrodna.Life). Як паведамляе выданне «The Village» такія лісты атрымалі 620 чалавек.

Па стане на 10 верасня ў Беларусі 667 палітзняволеных.

Юрый Васкрасенскі 7−9 жніўня прымаў удзел у польскім эканамічным форуме ў мястэчку Карпач. Па словах Васкрасенскага, яго туды запрасілі арганізатары. Але арганізатары форума кажуць, што запрашэнне даслалі памылкова.

Польскае выданне Onet.pl лічыць, што Васкрасенскага запрасілі для перамоваў аб вызваленні з-за кратаў Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.

Знаходзячыся за кратамі Анджэй Пабочут атрымаў дзве ўзнагароды

За час знаходжання пад вартай Пачобута ўганаравалі двума ўзнагародамі: 9 верасня стала вядома, што ён атрымаў узнагароду Эканамічнага форума ў Карпачы, а 30 жніўня польскі фонд Grand Press даў яму медаль «За свабоду слова».

Зараз журналіст знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА па «справе палякаў». Яго затрымалі 25 сакавіка. У той жа дзень затрымаіі Ірэну Бернацкую, Марыну Цішкоўскую і Ганну Панішаву. 2 чэрвеня стала вядома, што трох з пяці затрыманых па «польскай справе» вывезлі ў Польшчу. Анджэй Пачобут і лідарка непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс дасюль знаходзяцца за кратамі, бо адмовіліся пакінуць Беларусь.

Ім выставілі абвінавачанне па ч.3, арт.130 Крымінальнага Кодэкса «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці розніцы, рэабілітацыя нацызма». Пакаранне па гэтым артыкуле — ад 5 да 12 гадоў зняволення.

Чытайце таксама:

Палітвязень Дзяніс Івашын адмовіўся падпісваць пакаяльны ліст Лукашэнку