13 затрыманых стачкамаўцаў і завадчан «Гродна Азот», Беларускага металургічнага завода, Беларускай чыгункі і «Нафтана» знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Пра гэта ўвечары 26 верасня распавялі ў сюжэце дзяржаўных тэлеканалаў. Да гэтага інфармацыю афіцыйна не каментавалі.

Распачата справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод іх здрада дзяржаве і стварэнне экстрэмісцкага фармавання. У сюжэце АНТ сцвярджаюць, што большасць з затрыманых ужо далі прызнальныя паказанні. Паводле версіі праваахоўнікаў, мэта ініцыятывы «Рабочы рух» — арганізацыя забастовак і прамысловы шпіянаж. Ініцыятыву нібыта кантралююць амерыканскія і літоўскія спецслужбы. Па СТВ распавялі пра сувязь руху са Святланай Ціханоўскай і BYPOL.

У сюжэце АНТ паказалі запісы ZOOM-канферэнцый удзельнікаў руху «Рабочы рух» і допыты некаторых затрыманых — сярод іх быў былы «азотавец» Уладзімір Жураўко. Таксама ў роліку згадалі майстра цэха «Хімвалакно» Дзмітрыя Ціта і супрацоўніка «Гродна Азот» Юрыя Рававога, якія пакінулі Беларусь з-за пераследу.

Што пагражае затрыманым?

Верагодна, завадчане праходзяць па ч. 1 арт. 356 КК «Здрада дзяржаве». У яе ўваходзіць «выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, альбо шпіянаж, альбо пераход на бок ворага падчас вайны або ўзброенага канфлікту, альбо іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь».

Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам або без штрафу. Пра «шпіёнах на прадпрыемстве» выказаўся і Аляксандр Лукашэнка.

Па частках арт.361−1 КК «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» пагражае ад трох гадоў абмежавання волі да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Затрыманні ў Гродне

Як мінімум шэсць чалавек па справе «Рабочага руху» затрыманыя ў Гродне. Праваабаронцам вядомыя:

  • Сяргей Шэлест, былы апаратчык цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  • Андрэй Пагерыла, былы слесар-рамонтнік цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  • Уладзімір Жураўка, былы аператар ДПУ цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  • Андрэй Башан, супрацоўнік цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  • Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту»), намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту»;
  • Вадзім Яфіменка (супрацоўнік «Хімвалакно»),

Таксама ў Беларусі затрыманыя Дзмітрый Елісееў (супрацоўнік БМЗ, гомельскае СІЗА № 3), Святлана Зыль (былая супрацоўніца БМЗ, гомельскае СІЗА № 3), Аляксандр Гашнікаў (супрацоўнік БМЗ, СІЗА КДБ), Сяргей Дзюба (БелЧыгунка, СІЗА КДБ), Максім Саковіч (старшы энэргадыспетчар БелЧыгункі, СІЗА КДБ), Ганна Аблаб (БелЧыгунка, СІЗА КДБ), Аляксандр Капшуль (былы юрысконсульт ААТ «Нафтан», заводу «Палімір», СІЗА КДБ).

Некаторых затрыманых «азотаўцаў» — Арцёма і Рыгора Рубанаў, Аляксея Сідара, Дзмітрыя Ільюшчанку — апыталі і адпусцілі. Яны праходзяць сведкамі па справе па арт. 356 КК «Здрада дзяржаве» і далі падпіску аб невыдаванні, распавяла крыніца Hrodna.life.

Магчымыя новыя затрыманні

21 верасня ініцыятыву «Рабочы рух» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Яе дзейнасць забаранілі. «Канфіскаваная атрыбутыка і дэструктыўныя матэрыялы, а таксама файлы і дакументы з закрытай інфармацыяй. Ячэйкі на стратэгічных прамысловых прадпрыемствах ліквідаваныя. Развіталіся з ананімнасцю больш за 400 членаў інтэрнэт-супольнасці. Так што працяг гісторыі будзе ўжо на наступным тыдні», — прагучала ў эфіры БТ.

Праваабаронцы паведамілі 27 верасня аб аўтазаках ля прахадной Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне. Верагодна, там пройдуць затрыманні.

Гісторыя пераследу: