Рэктарку Гродзенскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта Алену Краткову 6 снежня прызначылі на пасаду намесніка міністра аховы здароўя, паведаміла БелТА. Краткова ўзначальвала ўніверсітэт адзін год.

Рэктарка гродзенскага медуніверсітэта пайшла на павышэнне. Пасаду рэктара яна займала год
Алена Краткова. Фота: БелТА

Што вядома пра новую намесніцу міністра?

Алена Краткова — кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, член Савета Рэспублікі. 47 гадоў, родам з Астравецкага раёна.

Скончыла Слонімскае медыцынскае вучылішча, Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, Беларускую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі.

Працавала ўрачом-стажорам, участковым лекарам-фтызіатрам (спецыялісты, якія займаюцца лячэннем туберкулёзу), намеснікам галоўнага лекара. Была галоўным урачом Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра «Фтызіятрыя» і Гродзенскай абласной інфекцыйнай бальніцы, начальнікам Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама.

На пасаду рэктара ГрДМУ Краткову прызначылі 20 верасня 2020 года пасля таго, як з пасады знялі папярэдняга рэктара Віктара Сняжыцкага. У жніўні 2020 года пасля выбараў ён асуджаў дзеянні сілавікоў у сваім Facebook.