Савет дырэктароў службы дастаўкі Menu.by 6 снежня аб’явіў пра пачатак ліквідацыі. Прычына — угоды па продажы або зліццю з міжнароднымі службамі дастаўкі, якія так і не адбыліся. Інвестары вырашылі не фінансаваць касавы разрыў у чаканні здзелкі, паведаміў smartpress.by.

«Пасля таго, як кампанія засталася без інвестыцый, menu.by апынуўся на мяжы выжывання з аперацыйнымі стратамі. Прадпрынятыя намі меры дазволілі значна скараціць іх, нават некалькі месяцаў атрымоўваць прыбытак. Але без дадатковага фінансавання кампаніі было наканавана закрыцца», — сказаў дырэктар ААТ МЕНЮБАЙ Ануш Нерсіян.

Menu.by вёў перамовы з магчымымі партнёрамі паўтара года. Кампанія раскрыла ўсю ўнутраную інфармацыю, але дамовіцца не ўдалося.

Menu.by — адзін з самых буйных сэрвісаў дастаўкі ежы ў Беларусі. Ён уваходзіць у міжнародную кампанію Menu Group, якая працуе з 2015 года. Сэрвіс працаваў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. У menu.by працавала больш за 200 чалавек.

У Гродне з сэрвісам дастаўкі menu.by супрацоўнічала 30 установаў грамадскага харчавання.

Акрамя menu.by у Гродне працуюць сэрвісы дастаўкі ежы: Delivio, Jast-eat.by, Carte.by. З 25 лістапада ў Гродне пачаў працаваць сэрвіс «Яндекс.Еда».