Рамонт Румлёўскага моста ў Гродне плануюць пачаць 27 снежня. Згодна з планам ён працягнецца да 26 красавіка 2022 года, паведаміў сайт дзяржзакупак. На рамонт плануюць выдаткаваць каля 827 тысяч рублёў з дзяржаўнага бюджэта.

UPD: Рамонт моста распачнуць 10 студзеня 2022 года. Для руху аўтамабіляў мост не будуць перакрываць цалкам, толькі адну палову. Пра гэта 27 снежня паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс».

Падчас рамонта плануюць замяніць агароджу на ўсім мосце, разабраць тратуар і пакласці новы асфальт, а таксама зрабіць новы дарожны борт. Акрамя гэтага плануюць замяніць дэфармацыйныя швы.

Зараз адбываецца пошук будаўнічай арганізацыі. Заяўкі прымаюцца да 15 снежня на сайце дзяржзакупак.

Зараз сканчаецца рамонт Старога моста. Яго пачалі у ноч з 15 на 16 лістапада. Ён павінен завяршыцца да канца снежня.

Ідэі рэканструкцыі Румлёўскага, Старога і Новага мастоў абмяркоўваліся яшчэ ў 2018 годзе. У 2019 годзе мост на Паповіча ўвайшоў у спіс 16 мастоў, якія будуць рэканструяваць за кошт рэспубліканскага бюджэту. Раней казалі, што працы не пачынаюць, бо неабходна завяршыць будаўніцтва Усходняга моста. Ён можа забраць на сябе частку трафіку пасля закрыцця аднаго з мастоў на рамонт, пісаў Autogrodno.by.

Румлёўскі мост ніводнага разу не рэканструявалі

Першы мост у лесапарку Румлёва ўрачыста адкрылі 24 сакавіка 1932 года. Ён праіснаваў да 1941 года. Пры якіх абставінах яго ўзарвалі - невядома. У Гродне ён быў вядомы як «Чырвоны». Па ўспамінах старажылаў, менавіта ў гэты колер ён быў пафарбаваны.

Новы мост праз Нёман у раёне Румлёва пачалі будаваць толькі праз 40 гадоў. Яго адкрылі ў 1986 годзе. Ён стаў трэцім аўтадарожным мостам праз Нёман. Тады ў гродзенцаў ён атрымаў назву «Румлёўскі», так яго дагэтуль і называюць.

З моманту ўвядзення ў эксплуатацыю мост ніводнага разу не рэканструявалі і не праводзілі на ім капітальнага рамонта.

Чытайце таксама:
«Збіралі грошы са ўсёй краіны». У Гродне нарэшце адкрылі чацвёрты мост праз Нёман

Расколіны, дэфармацыя і шум: чаму мост на Паповіча ў Гродне ўжо не ратуе новы асфальт?