7 снежня ў Гродне адбыўся аўкцыён на права арэнды часткі будынка прыгараднага аўтавакзала і прылеглай паркоўкі. На таргі заявіўся адзін удзельнік — ён і стаў арандатарам.

З прычыны таго, што ўдзельнік быў адзін, яму трэба толькі даплаціць 5% ад пачатковай заяўленай сумы. Такім чынам кошт права арэнды на 5 гадоў склаў 10,5 тысяч рублёў. Арандатарам стала буйная беларуская кампанія, піша «Вечерний Гродно». Яе прадстаўнікі адмовіліся паведаміць журналістам назву. Вядома толькі, што кампанія актыўна пашырае сваю сетку ў Беларусі, і выбар спыніўся на Гродне. Будынак аўтавакзала пасуе праз размяшчэнне ў цэнтры горада і ажыўленасць месца.

Гаворка ідзе пра будынак прыгараднага аўтавакзала на Чырвонаармейскай, 7, фасад якога выходзіць на праспект Касманаўтаў. На арэндных плошчах прапаноўвалі размясціць аб’екты гандлю, грамадскага харчавання, офісы і да таго падобнае. Уладальнік памяшканняў і прылеглай тэрыторыі - «Гроднааблаўтатранс». У арэнду здалі частку будынка плошчай 513,5 кв. м і прылеглую паркоўку.

Аўтавакзал у Гродне арандавалі за $4 тысячы
Арандаваная частка будынка. Частка вакзала з крамамі «Гроднахлебпрама» і «Каўбаска, калі ласка» не здаюць

Зараз там знаходзяцца закрытыя прыгарадныя касы, зала чакання і службовыя памяшканні, працуе павільён з друкаванымі выданнямі, крама бытавой хіміі і два кіёска. Кошт арэнднай платы — 0,9 базавай арэнднай велічыні (15,21 рубля) за 1 кв. м. Арэнда добраўпарадкаванай паркоўкі плошчай 2260 кв. м складзе 0,2 базавай арэнднай велічыні (3,38 рубля) за 1 кв. м.

Міжнародны аўтавакзал у Гродне — другі будынак на Чырвонаармейскай — чакае маштабная рэканструкцыя. Там памяняюць трубы, з’явіцца грамадскі туалет, пакой маці і дзіцяці, пакой адпачынку кіроўцаў, прыёму ежы і памяшканне для прыбіральнікаў. Над касамі, на платформах і ў зале чакання размесцяць інфармацыйныя табло. Таксама ў аўтавакзале ўсталююць шматмоўны тэрмінал для продажу квіткоў, даведачны тэрмінал і сістэму відэаназірання. Будынак зробяць даступным для фізічна аслабленых асоб, з’явяцца тактыльныя ўказальнікі. На час рамонту аўтавакзал закрыюць.

Чытайце таксама: