Гродзенскі абласны суд 8 снежня прызнаў гродзенца Андрэя Аўсіевіча вінаватым па ч.1 арт.130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо розні), а таксама арт.369 КК (Абраза прадстаўнікоў улады). Суддзя Мікалай Рачынскі прысудзіў яму 3,5 гады калоніі, паведаміў тэлеграм-канал «Право имеют».

Гродзенца асудзілі на 3,5 гады калоніі за  «распальванне варожасці». Цягам суда яму тройчы змянялі абвінавачанне
Андрэй Аўсіевіч ў судзе. Фота: Алена Кавальчук

26-гадовага Андрэя Аўсіевіча затрымалі 4 траўня. 3 жніўня яго пачалі судзіць за абразу міліцыянта (арт. 369 КК — да трох гадоў абмежавання волі) і прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (арт. 361 КК, да сямі гадоў пазбаўлення волі). Прычына — некалькі каментароў у Telegram-чатах і каналах. Спачатку яго абвінавацілі таксама паводле арт. 189 КК «Абраза», але пазней справу спынілі. Андрэй часткова прызнаў віну паводле арт.369 КК.

Справу разглядаў суддзя Мікалай Рачынскі ў Гродзенскім абласным судзе, дзяржабвінаваўца — Герасіменка. У справе ўдзельнічаў пацярпелы міліцыянт 29-гадовы Максім Чарткоў - участковы інспектар аддзела міліцыі «Фолюш».

Пацярпелы міліцыянт параўнаў каментар Андрэя з выпадкам, калі на яго з нажом пайшоў п’яны мужчына. Каментар прынёс яму больш пакут, чым той выпадак, заявіў пацярпелы. Ён запатрабаваў 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, але па просьбе Андрэя паменшыў суму да 300 рублёў.

Падчас суда 8 верасня пракурор запатрабавала па справе правядзенне дадатковай лінгвістычнай экспертызы.

26 лістапада Аўсіевічу высунулі новае абвінавачванне, зняўшы ўсе папярэднія. Дзяржабвінаваўца Людміла Герасіменка палічыла, што яго развагі ў Telegram-канале пра лёс міліцыянтаў пасля пераменаў у Беларусі можна расцэньваць як распальванне сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК — да пяці гадоў пазбаўлення волі).