Змены могуць увайсці ў жыццё ўжо ў пачатку 2022 года. Яны павінны спрасціць легалізацыію побыту і працаўладкавання для грамадзян Беларусі, Украіны, Расіі, Грузіі, Арменіі і Малдовы на тэрмін да двух гадоў, паведаміла prawo.pl.

Галасаванне па зменах у законе аб іншаземцах прайшло ў польскім сейме 17 лістапада. Зараз праект на разглядзе ў сенаце.

Спрошчанае працаўладкаванне

Згодна з праектам, польскія працадаўцы змогуць браць на працу замежнікаў тэрмінам да двух гадоў на аснове адной толькі заявы аб даручэнні працы замежніку. Далей можна будзе працягваць працу на аснове такіх самых заяваў. Раней па заяве можно было працаваць не больш за шэсць месяцаў цягам 12 месяцаў, потым трэба было абавязкова атрымліваць дазвол на працу.

Большая мінімалка

Працаўнікам, якія маюць від на жыхарства (karta pobytu), працадаўцы будуць абавязаны забяспечыць заробак раўны мінімальнаму ў Польшчы. З 1 студзеня 2022 года ён складзе 3010 злотых (1880 беларускіх рублёў) без уліку падаткаў. На рукі супрацоўнік атрымае ад 2200 да 2600 злотых (1340−1580 рублёў) у залежнасці ад формы працаўладкавання.

Менш бюракратыі і хутчэйшыя тэрміны

Калі замежнік захоча змяніць месца працы, то ён можа падаць заяву, у якой пазначыць новага працадаўцу. Калі замежны супрацоўнік змяняе пасаду, а не месца працы, то дадатковыя працэдуры зменаў з ужо выдадзеным дазволам будуць не патрэбныя. Таксама будзе паменшаны тэрмі выдачы дакументаў, якія легалізуюць працу замежніка. Законатворцы палічылі, што дазвол на часовы побыт і працу рэальна будзе выдаваць за 60 дзён.