Суд Савецкага раёна Гомеле 7 снежня асудзіў 47-гадовага дальнабойніка Андрэя Дзямідава на тры гады «хіміі». Дзямідава судзілі па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Прычынай быў каментар у «Аднакласніках» пад публікацыя з фота і асабістымі звесткамі гродзенскага старэйшага ўчастковага інспектара Уладзіміра Казлоўскага, паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суд адбываўся ва ўніверсітэце

Судовы працэс над Андрэем Дзямідавым адбыўся ў будынку Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» ў прысутнасці студэнтаў. Суддзёй выступіў Аляксандр Махароў, дзяржабвінаваўца — Марыя Пушкар.

Паводле абвінавачання Дзямідаў 30 траўня 2020 года, «дзейнічаючы з намерамі і агульнымі мэтамі распальвання палітычнай варожасці здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю палітычнага становішча ў краіне, а таксама на публічную абразу прадстаўніка органаў улады пры выкананні ім службовых абавязкаў».

Пацярпелы міліцыянт Уладзімір Казлоўскі ў суд не з’явіўся. Прычына — «моцная службовая занятасць». Але пазоў аб спагнанні маральнай шкоды на 1500 рублёў ён заявіў.

Хто такі старэйшы ўчастковы інспектар Уладзімір Казлоўскі

Уладзімір Казлоўскі - той самы міліцыянт, які падчас пікета 29 траўня 2020 года ў Гродне паваліўся на зямлю падчас затрымання Сяргея Ціханоўскага. Пазней у міліцыянта выявілі ўдар пярэдняй брушной сценкі, але яго не шпіталізавалі.

Чарговы суд за абразу міліцыянта Казлоўскага: жыхар Гомеля атрымаў тры гады "хіміі”
Уладзімір Казлоўскі пасля пікета Сяргея Ціханоўскага ў Гродне 29 траўня 2020 года. Фота. Hrodna.life.

Чытайце таксама: Міліцыянт, які ўпаў на пікеце Ціханоўскай у Гродне, раней ужо ўдзельнічаў у «палітычных» справах

Каго яшчэ судзілі за абразу Казлоўскага

За абразу Казлоўскага 2 верасня 2021 таксама па арт. 369 КК асудзілі на тры гады «хатняй хімііі» мінчука Руслана Літвіна. Згодна з абвінавачаннем, 31 кастрычніка 2020 ён пакінуў абразілівы каментарый пад фота Казлоўскага ў Telegram-канале «Каратели Беларуси».

Казлоўскі ў той раз таксама не прыехаў на суд і таксама заявіў прэтэнзію на 1500 рублёў за нібыта маральную шкоду. Суд іск Казлоўскага задаволіў.

Па тым жа артыкуле асудзілі мінчука Андрэя Васілеўскага — 27 кастрычніка 2021 ён атрымаў 2,5 гады «хатняй хіміі». Абвінавачанне грунтавалася на каментарыі ў «Аднакласніках», як і ў выпадку Дзямідава.

Казлоўскі тлумачыў, што ў той дзень яму прыйшло «больш за тысячу абраз, пагроз прымянення гвалту як у дачыненні да яго, яго родных і блізкіх». Каментар абвінавачанага нібыта «дыскрэдытаваў яго ў вачах грамадскай думкі, нанёс удар па аўтарытэце, прынізіў прафесійныя якасці».
У траўні 2021, на гродзенскіх судах па «справе Ціханоўскага», участковы Казлоўскі запатрабаваў ад аднаго з абвінавачаных 8000 рублёў маральнай кампенсацыі.