Дэпутат палаты прадстаўнікоў Ігар Хлабукін лічыць, што карта паляка ў Беларусі павінна быць забаронена. Такую заяву ён зрабіў 7 снежня у інтэрв'ю тэлеканалу СТВ.

Ініцыятыву аб забароне карты паляка Хлабукін хоча вынесці на абмеркаванне падчас карэктыроўкі закона аб грамадзянстве і міграцыі. На яго думку, карту паляка можна прыраўняць да двайнога грамадзянства, якое, кажа дэпутат, забаронена.

У чым розніца паміж двайным і другім грамадзянствам

Канцэпцыя двайнога грамадзянства прадугледжвае наяўнасць у грамадзяніна Беларусі пашпарта іншай краіны. Але ў Беларусі той другі пашпарт будзе прызнавацца толькі ў тым выпадку, калі паміж краінамі заключана дамова аб прызнанні грамадзянства. У беларускім праве паняцце двайнога грамадзянства адстунічае. Таму беларусы па законе не маюць на гэта права. Выключэнне: асобы да 18 год, адзін з бацькоў якіх іншаземец. Але і яны пасля дасягнення паўнагадовасці павінны вырашаць, ад якога грамадзянства адмовіцца.

Пры гэтым многія беларусы маюць другое грамадзянства, проста дакумент іншай краіны не бярэцца пад увагу і чалавека лічаць грамадзянінам толькі Беларусі. Беларускае заканадаўства другое грамадзянства не дазваляе, але і не забараняе. Яно проста не прызнаецца дзяржаўнымі органамі Беларусі, быццам яго не існуе і чалавек — грамадзянін адной толькі Беларусі.

Што такое карта паляка

Карта паляка — гэта дакумент які пацвярджае прыналежнасць асобы да польскага народу. Гэта не значыць, што Карта паляка дае замежніку польскае грамадзянства, права часовага знаходжання альбо пастаяннага пражывання ў Польшчы ці права перасячэння польскай мяжы без візы. Але карта паляка дае пэўныя правы: бяспплатнае атрыманне доўгатэрміновай нацыянальнай візы, права легальна працаваць і навучацца у Польшчы, займацца прадпрымальніцтвам на тэрыторыі Польшчы на роўных умовах з грамадзянамі краіны.

“Карта паляка павінна быць забаронена”. Беларускі дэпутат хоча прыраўняць карту паляка да дадатковага пашпарта
Карта паляка. Ілюстацыйнае фота.

Польшча выдае карту паляка з 2008 года. З 2008 па 2019 год яе атрымала каля 144 тысяч беларусаў. Гэтай самая вялікая колькасць у параўнанні з іншымі краінамі свету і прыкладна палова ад усіх выдадзеных картаў.

«Адбываецца насаджэнне польскага права». Што яшчэ сказаў дэпутат Хлабукін

Ігар Хлабукін лічыць, што праз карту паляка «адбываецца насаджэнне польскага права, польскіх культурных традыцый у нас, у Беларусі». На думку дэпутата, з-за гэтага адбываецца апалячванне насельніцтва.

Хто яшчэ заклікаў забараніць карту паляка ў Беларусі

25 лістапада навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі Аляксей Дзерман у сваім тэлеграм-канале ўжо прызываў забараніць карту паляка. У верасні 2021 года Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед казаў, што праграма рэпатрыяцыі з дапамогай карты паляка з’яўляецца «элементам падрыўной дзейнасці Варшавы».

Беларускія чыноўнікі не маюць права карыстацца картай паляка

Беларускія ўлады крытыкуюць карту паляка ад самага яе з’яўлення. У лютым 2011 года набылі моц папраўкі ў закон «Аб дзяржаўнай службе». Яны забаранілі чыноўнікам і сілавікам карыстацца картай паляка, а таксама аналагічнымі дакументамі, які даюць іншыя краіны. У красавіку 2011 года карту паляка забаранілі мець дэпутатам парламента. У 2015 годзе у гэты спіс унеслі дэпутатаў мясцовых саветаў.