Гродзенскага журналіста і палітвязня Анджэя Пачобута 7 снежня прызналі «Журналістам году — 2021» паводле версіі польскай журналісцкай узнагароды Grand Press. Мінулым разам яго ўзнагародзілі гэтай прэміяй у 2011 годзе.

Анджэй Пачобут. Фота: Вольга Корсун
Анджэй Пачобут. Фота: Вольга Корсун

Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Музеі гісторыі польскіх яўрэеў «Polin» у Варшаве. Журналіста года абірала не журы конкурсу, а сама журналісцкая супольнасць праз галасаванне рэдакцый. Пачобут перамог з вялікім адрывам: атрымаў у галасаванні 182 балы, наступны прэтэндэнт — усяго 76. Журналіст года атрымаў статуэтку з пяром, а таксама 40 тыс. злотых (каля € 8,5 тыс).

Ад імя Пачобута ўзнагароду атрымаў намеснік галоўнага рэдактара польскай «Газеты Выборчай» Яраслаў Курскі. Падобная сітуацыя была і ў 2011 годзе: тады Пачобута ўжо выпусцілі з турмы, але ён не мог пакідаць Беларусь, таму ўзнагароду за яго атрымала ў Варшаве жонка.

Гэта трэцяя ўзнагародна журналіста за кратамі

За час знаходжання пад вартай, журналіста уганаравалі яшчэ двума ўзнагародамі: 9 верасня стала вядома, што ён атрымаў узнагароду Эканамічнага форума ў Карпачы (Польшча), а 30 жніўня польскі фонд Grand Press даў яму медаль «За свабоду слова».

Зараз журналіст знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА па «справе палякаў». Яго затрымалі 25 сакавіка. У той жа дзень затрымаіі Ірэну Бернацкую, Марыну Цішкоўскую і Ганну Панішаву. 2 чэрвеня стала вядома, што трох з пяці затрыманых па «польскай справе» вывезлі ў Польшчу. Анджэй Пачобут і кіраўнічка непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс адмовіліся пакінуць Беларусь і дасюль знаходзяцца за кратамі.

31 сакавіка іх прызналі палітвязнямі. 1 красавіка ім выставілі абвінавачанне па ч.3, арт.130 Крымінальнага Кодэкса «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці розніцы, рэабілітацыя нацызма». Пакаранне па гэтым артыкуле — ад 5 да 12 гадоў зняволення.

У Анжалікі Борыс пагоршылася здароўе

У канцы лістапада стала вядома пра пагаршэнне здароўя старшыні непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжалікі Борыс. Яна мае патрэбу ў тэрміновай кансультацыі лекараў. У Борыс змяніўся колер скуры на зямліста-жоўты, моцна выпадаюць валасы. Гэта можа сведчыць пра захворванне печані, таксама пра хваробу страўнікава-кішачнага тракту. Не выключаюць і заражэнне ў турме вірусным гепатытам. Для дыягностыкі патрэбны неадкладны агляд лекара, ультрагукавае даследаванне і аналіз крыві.