Свежы хлеб з тандыра і выпечку цяпер можна купіць па вул. 17 Верасня, 59/3. У сярэдзіне лютага там адкрылася пякарня. Гэта сумесны гродзенскай кампаніі «ЮліДзі» і прадпрымальніка з Грузіі.

Грузінскі хлеб — адзін з нешматлікіх хлябоў, які робіцца традыцыйным спосабам, які не змяняецца 1000 гадоў, распавёў Hrodna.life адзін з уладальнікаў Юрый. Паўтарыць смак хлеба, зробленага ў печы, у прамысловых умовах немагчыма, лічыць ён. Пры вырабе хлеба не выкарыстоўваюць нічога, акрамя солі, вады, мукі і дрожджаў.

Тандыр выкладваў спецыяліст з Расіі

Для працы ў пякарні выкарыстоўваюць грузінскі тандыр ручной працы з тэмпературай да 400 градусаў. Гатуюць прама ў установе. Можна было купіць прамысловы «гатовы» тандыр, але гаспадары выклікалі спецыяліста з Расіі, які сам яго выкладваў. Такая печ лепшая па якасці і лепш трымае тэмпературу. Дэкор тандыра муляр збіраў тыдзень. Сцэны пякарні таксама ўпрыгожвае грузінскі ўзор і фота са стравамі.

Тандыр затапліваюць у 5 раніцы, да 9.00 ён награваецца, і пачынаецца гатаванне. Працуе з тандырам адна супрацоўніца. Яе складана было навучыць, але з гэтым справіліся, распавёў Юрый Hrodna.life. Наведвальнікі ў 10.00 бяруць яшчэ гарачы хлеб і чуюць пах свежай выпечкі, дадаў ён.

Тандыр — гэта печ-жароўня, шарападобны мангал. У ім стравы гатуюцца за кошт цяпла ад нагрэтых сценак. Першапачаткова яго выкарыстоўвалі народы Азіі, Каўказа і Балканскага паўвострава.

У Гродне адкрылася пякарня "Тандыр". Там можна купіць традыцыйны грузінскі хлеб і выпечку
Тандыр. Фота: instagram.com/pekarnya_tandir1/

Што можна купіць у пякарні?

У пякарні можна купіць кудбары з мясам, кудбары з ласосем, традыцыйны грузінскі хлеб «шоці пуры». Таксама ў продажы ёсць выпечка ўласнай вытворчасці фірмы «ЮліДзі». Яе гатуюць ноччу і прывозяць раніцай у краму. Сярод выпечкі - слойкі, булачкі, маффіны, сочнікі. Кошты — ад 1,20 рублёў.

Фірма Юрыя Парахневіча «ЮліДзі» працуе з 2005 года. Пякарня арандуе кандытарскі і кулінарны цэхі. Выпечку і хлеб яны прадаюць у крамы, сталовыя і прадпрыемствы Гродна і раёна, а таксама на рынках горада. Працуюць з крамамі фармату «каля дома».

Купіць падобныя пазіцыі можна таксама на Скідзельскім рынку. Там ёсць кропка продажу партнёра пякарні «Тандыр» пад назвай «Хлеб з тандыр». Яе трымае грузін Ашыў.

У планах — хачапуры

Пакуль у дзень прадаюць каля 60 лавашоў. У планах выйсці на 300 за дзень. Рэшткі прадукцыі партнёры прадаюць фермерам і падсобным гаспадаркам, якія, напрыклад, кормяць птушак. З сакавіка ў меню з’явіцца хачапуры. Купіць стравы можна з сабой або з’есці за стойкай ва ўстанове. Юрый папярэджвае: лепш купіць два, напрыклад, лаваша, таму што адзін вы абавязкова з’ясце па дарозе і не данясе да хаты.