Прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч памёр у пятніцу, 11 сакавіка. 30 сакавіка яму мусіў споўніцца 91 год. Развітанне пройдзе 14 сакавіка.

Пра смерць прафесара паведамілі ў «Гарадзенскай суполцы роднай мовы» ў Facebook.

Развітанне з прафесарам Аляксеем Пяткевічам пойдзе ў Гродне 14 сакавіка, а 9.45 у двары дома па вуліцы Горкага, 78. Затым з 10 па 11.45 — развітанне ў Вольгінскай царкве на тэрыторыі Свята-Пакроўскага сабора. Да 12.30 адбудзецца адпяванне ў Свята-Пакроўскім саборы.

Аляксей Міхайлавіч будзе пахаваны на Радзіме, у мястэчку Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна, піша «Будзьма беларусамі».

Аляксей Пяткевіч быў літаратуразнаўцам, краязнаўцам, літаратурным крытыкам, сябрам «Саюза беларускіх пісьменнікаў» з 1971 года. Кандыдат філалагічных навук (1963 год), прафесар (1994 год), ганаровы сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (2006). Былы кіраўнік гродзенскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы.

Ён нарадзіўся ў вёсцы Новы Свержань (Стаўбцоўскі раён). Скончыў філалагічны факультэт БДУ і аспірантуру. З 1978 года быў дацэнтам кафедры беларускай літаратуры, з 1990 — дацэнт кафедры беларускай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Таксама Аляксей Пяткевіч быў сябрам Міжнароднага купалаўскага Фонду (1997), узнагароджаны дзяржаўнымі медалямі.

Прафесар — аўтар 527 літаратурна-крытычных і культуралагічных работ, сярод іх 16 кніг («Наднёманскія былі», «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «Сюжэт. Кампазіцыя. Характар. Аб прозе К.Чорнага», «Гісторыя беларускай літаратуры. Х1Х — пач. ХХ стагоддзя», «Пісьменнікі прынёманскага краю. Гродна. Таварыства аматараў кнігі» ды іншыя).

Рэдакцыя Hrodna.life выказвае спачуванне родным і блізкім.