Судовае паседжанне над палітзняволенай Сафіяй Сапегай пачалося ў 10.30 28 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Дзяўчыну будуць судзіць у закрытым рэжыме. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала інфармацыю аб тым, што адбывалася ў судзе і каля яго.

Дзяржаўны абвінаваўца хадайнічала аб правядзенні закрытага судовага пасяджэння. Звязана гэта з тым, што ў ходзе разгляду крымінальнай справы будуць агучаныя персанальныя дадзеныя больш за 230 чалавек. Сярод іх — суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў і іншыя. А таксама ў мэтах распаўсюду інфармацыі, якая носіць экстрэмісцкі характар, паведаміла БЕЛТА. Аб закрыцці справы хадайнічаў дзяржабвінаваўца, аргументаваўшы гэта тым, што «ў матэрыялах справы ёсць забаронены кантэнт», піша Sputnik.by. Сапега падтрымала хадайніцтва, «бо ў яго ходзе могуць быць агучаныя персанальныя дадзеныя афіцыйных асоб», напісала карэспандэнтка «Мінскай праўды» Дыяна Шыбкоўская.

Прапагандыст Ігар Тур паведаміў, што пасяджэнне будзе закрытым «як мінімум з-за матэрыялаў, якія носяць непублічны характар».

Справу разглядае суддзя Віктар Сянько, дзяржабвінаваўца — Наталля Сакалова. Судовая калегія палічыла магчымым і неабходным задаволіць хадайніцтва дзяржабвінаваўцы «ў інтарэсах бяспекі пацярпелых, сведак і іншых удзельнікаў працэсу», паведаміў s13.ru.

Міліцыя — у будынку і каля будынку суда

Слухачоў не ўпусьцілі ў будынак суду, спаслаўшыся на тое, што зала пасяджэнняў ўжо зачынена. Пры гэтым па часе пасяджэнне яшчэ не пачалося. Прычыну ранняга закрыцця не патлумачылі. Каля суда ў гэты час стаялі каля чатырох мужчын у цывільным, падобных да міліцыянтаў. Таксама ў будынку суда заўважылі начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама Віталя Стасюкевіча. Двое міліцыянтаў у форме патрулявалі будынак суда. Дзяржаўную прэсу — Sputnik. by, «Беларусь 4», «АНТ» — у суд прапусцілі.

Сафію затрымалі год таму

Сафію Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам. Іх знялі з прымусова пасаджанага ў Беларусі рэйса Ryanair. Спачатку яе абвінавацілі ў адміністраванні «экстрэмісцкага» Telegram-канала «Чорная кніга Беларусі», дзе публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў. Потым ёй прад’явілі абвінавачанне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Расследаванне яе справы праводзілі ў Мінску, але перадалі на разгляд у Гродна — магчыма, таму, што Сапега прапісаная ў Лідзе. Сафія Сапега заключыў дасудовае пагадненне са следствам. У снежні 2021-га яна напісала прашэнне аб памілаванні Аляксандру Лукашэнку. Таму ёй пагражае шэсць гадоў зняволення — замест 12. Яна прызнана палітзняволенай.