Гродзенца Паўла Абознага 25 жніўня прызналі палітвязнем. Стала вядома, што яго асудзілі на пяць гадоў калоніі за спробу трапіць на вайну ва Украіне, захоўванне некалькіх патронаў і перавоз анабалічных стэроідаў, паведамляе «Вясна».

Паўла асудзілі:

  • па абвінавачванні ва ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях (ч. 1 арт. 361−3 КК) за намер далучыцца да абаронцаў Украіны,
  • захоўванні 12 патронаў (арт. 295 КК),
  • незаконным перамяшчэнні праз мяжу моцнадзейнага рэчыва (анабалічны стэроідны прэпарат) (арт.333−1 КК).

На судзе Павел заявіў, што на эмоцыях адрэагаваў на вайну ва Украіне, але пазней адмовіўся ад ідэі баявых дзеянняў. Таксама яму ставілі ў віну незаконны перавоз з Расіі ў Беларусь моцнадзейных рэчываў (100 таблетак станазалола (карыстаецца папулярнасцю сярод украінскіх атлетаў і бодзібілдараў, ствараецца на аснове тэстастэрону для спальвання лішняга тлушчу і стварэння рэльефных цягліц — Hrodna.life), незаконнае набыццё і захоўванне боепрыпасаў (16 гільзаў ад патронаў калібра 9 мм, 12 патронаў калібра 9 мм).

Кікбаксёра пачалі судзіць у Гродзенскім абласным судзе ў лютым 2023 года. Суддзёй прызначылі вядомага па палітычных справах і санкцыях Максіма Філатава.

Чытайце таксама: Суддзя Максім Філатаў, які асудзіў Ашурка і Мажэйку, пайшоў на павышэнне ў Вярхоўны Суд

Павел Абозны — чэмпіён Беларусі па кікбоксінгу, прызёр па тайскім боксе, інтэркантынентальны чэмпіён па кікбоксінгу. Выступаў з 2000 года, правёў больш за 50 персанальных баёў і быў трэнерам па тайскім боксе.

Павел нарадзіўся ва Украіне, паведамляе партал dissidentby.com. Яму 40 гадоў. Ён быў затрыманы ў студзені 2023 года. 20 ліпеня 2023 года быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.