У дамах на Замкавай, 12 і 12А поўным ходам ідзе капрамонт. Зараз на абодвух будынках перакрываюць дах, якому блізу 120 гадоў, абнаўляюць фасады і арку. Гістарычныя драўляныя дзверы, што выходзяць уласна на Замкавую, адрэстаўруюць і захаваюць, а вось жалеза з даху, як на саборы Нотр-Дам у Парыжы, заменяць на новае. Сам жа дом № 12 згадваўся яшчэ ў XVII стагоддзі, а яго сутарэнням можа быць і ўсе 500 гадоў.

На лістах жалеза, якім быў пакрыты дах на Замкавай, 12, знайшлі фірмовыя пячаткі. Яны сведчаць, што вытворцы жалеза — завод «ШадуарЪ», заснаваны ў 1889 г. бельгійскімі прадпрымальнікамі братамі Шадуарамі ў Екацярынаславе (сучасны горад Днепр ва Украіне) і дарэвалюцыйны Лысьвенскі завод графа Шувалава (Урал, Расія), піша канал «Urban Hrodna».

Дахавае жалеза з аднарогам Шувалавых было вельмі папулярным у свеце. Ім пакрывалі дах Сабора Парыжскай Маці Божай і парламента Вялікабрытаніі, з яго быў зроблены і каркас Статуі Свабоды ў Амерыцы. У Гродне жалезам з такімі ж пячаткамі да рэстаўрацыі быў пакрыты будынак лясной адміністрацыі (пл. Тызенгаўза, 4Б)

Дзверы пачалі гніць праз адрамантаваны ходнік

Будынак прыцягвае ўвагу і драўлянымі дзвярыма з пакрытай разьбой рамкай. Яны выходзяць на Замкавую, 12. Зараз самі дзверы рэстаўруюць, адна створка ўжо вярнулася на месца.

Замкавая 12, камяніца ў Гродна
Рэканструкцыя на Замкавай, 12, пачатак красавіка. Фота: Hrodna.life

Дзвярная рамка з глухімі драўлянымі панэлямі пакуль на месцы. Яе таксама збіраюцца адрэстаўраваць, распавяла ў Facebook гродзенская архітэктарка Алена Шчасная. Пашкоджаныя дэталі ніжняй абвязкі замянілі. У верхняй частцы ўсталююць шкленне арачнай фрамугі. Таксама адновяць шкленне ў дзвярах.

Ніжняя частка дзвярной рамкі згніла пасля таго, як паднялі ўзровень ходніка на вуліцы, піша «Urban Hrodna». Брукаваннем яго далучылі проста да нізу дзвярэй. Падлога тамбура такім чынам аказалася на 5 см ніжэй за верх ходніка і мокла.

Гістарычная лесвіца ў будынку не захавалася. Яна размяшчалася на яго дваровай частцы. Новая лесвіца выканана на новым месцы падчас рэканструкцыі ў 2 палове ХХ ст. са зборных мазаічных прыступак.

Акрамя арыгінальных дзвярэй, у будынку плануюць захаваць архітэктурны дэкор на фасадах і літую абгароджу балконаў.

Паводле пашпарта аб’екта, капітальны рамонт на Замкавай 12 пачалі 24 студзеня, у доме 12А — у лютым. Скончыць працу ў абодвух будынках плануюць ужо ў красавіку 2022 годзе. Рамонтам дома № 12 займаецца «Гроднагарбуд», № 12А — фірма «ДенОлЮр». Праект для абодвух будынкаў рыхтаваў «Гроднажылпраект», у якасці замоўцы выступае Гродзенская гарадская ЖКГ.

Замкавая, 12 — найстарэйшая камяніца

Дом па Замкавай, 12, меркавана, найстарэйшы каменны жылы будынак у горадзе. Ён будаваўся ў некалькі этапаў, шмат разоў перабудоўваўся і да нашага часу дайшоў у стылі эклектыкі.

Першая згадка пра гэтую камяніцу ў дакументах — ў канцы XVII стагоддзя. У той час на Замкавай вуліцы было 14 мураваных будынкаў - больш за ўсё у горадзе. Мяркуюць, што ніжні ярус левай часткі дома быў пабудаваны прыкладна ў XV−XVI стагоддзях. Справа ў тым, што адна з частак сутарэнняў складзена, аналагаў якіх у горадзе не сустракаецца. Частка сутарэнняў складзена з шырокапамернай цэглы. Падобнай выкладзены сцены замка ў Міры і Шчытавой вежы Наваградскага замка. Такім чынамвынікае, што сутарэнні дома з’яўляюцца аднымі з нешматлікіх арыгінальных перакрыццяў на тэрыторыі Беларусі.

З домам № 12А камяніцу аб’ядналі ў XVIII стагоддзі. Вядома, што ў 1726 г. левай часткай камяніцы валодаў яўрэй Хамберскі, а правай — Абрам Дахтаровіч. З правай часткі будынка пачаўся моцны пажар у 1753 годзе. Пасля яго будынак аднавілі і дабудавалі мансардны паверх з вокнамі паўкруглай формы ў стылі ракако. У 1782 годзе левая частка камяніцы належала Блюмцы Лейбовіч і яе сыну Абраму.

Пасля пажару 23 (11) чэрвеня 1889 года дом зноў аднавілі ў 1904. Перабудова не закранула капітальнай перапланіроўкі будынка, у такім выглядзе будынак дайшоў да нашага часу. Новым гаспадаром дома стаў Лапінер. У 1910 належыў уласніку тытунёвай фабрыкі Шарашэўскаму. У 1945 тут была абутковая фабрыка, пазней — школа вырабнікоў абутку.

Чытайце таксама: