Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

На Кляцкова за Triniti пабудуюць яшчэ адзін гандлёвы цэнтр. Якім ён будзе (і чаму там)? - Hrodna.life - навіны Гродна

У мікрараёне «Вішнявец-2», адразу за харомінай Triniti, вырашылі збудаваць гандлёвы цэнтр паменш. Грамадскія абмеркаванні пройдуць з 26 красавіка па 20 траўня 2022. Двухпавярховы будынак ламанай формы хочуць узвесці каля жылых дамоў № 25 і 35 па праспекце Кляцкова, піша Telegram-канал Urban Hrodna.

На Кляцкова за Triniti пабудуюць яшчэ адзін гандлёвы цэнтр. Якім ён будзе (і чаму там)?
Сінім выдзелены ўчастак пад новы ГЦ. Скрыншот: Urban Hrodna

У плане другі паверх будзе часткова навісаць у паўночным і ўсходнім кірунку. Дах будынка плануецца плоскім, без гарышча. Габарытныя памеры новага гандлёвага цэнтра — 24×48 м. Плошча ўчастка пад будаўніцтва і абслугоўванне будынка — 0,27 га.

Каркас ГЦ хочуць ўзвесці са зборных жалезабетонных канструкцый, вонкавыя сцены — з трохслаёвых зборных сэндвіч-панэляў. Вентыляваны фасад абліцуюць пліткамі керамаграніту і металічнымі ламелямі.

На першым паверсе плануюць размясціць гандлёвую залу прадуктовай крамы з дапаможнымі памяшканнямі і два арэндныя памяшканні. На другім паверсе ў арэнду будуць здаваць гандлёвыя памяшканні з нехарчовымі таварамі. У блоку дапаможных памяшканняў будзе гардэробная персаналу, санітарныя памяшканні, працоўны кабінет, цеплавы пункт і электрашчытавая. У загрузна-складской зоне — загрузная і памяшканне смеццевых кантэйнераў.

Асноўны пад’езд прадугледжаны па існым ўнутрыквартальным праездзе з боку жылога дома № 25 па пр. Кляцкова. Перад галоўным уваходам у будынак з боку праспекта запраектавана гасцявая паркоўка на 31 месца (з іх адно — для людзей з інваліднасцю). Пад’езд да загрузнай пляцоўкі аб’екта будзе таксама з боку дома № 25.

На Кляцкова за Triniti пабудуюць яшчэ адзін гандлёвы цэнтр. Якім ён будзе (і чаму там)?
Планы паверхаў новага ГЦ. Крыніца: Urban Hrodna

Асноўныя ўваходы для наведвальнікаў размесцяць з боку паўночнага і ўсходняга фасадаў (Кляцкова і Triniti). На ўчастку прадугледжаны малыя архітэктурныя формы — сметніцы, лаўкі. Ходнікі, праезды і паркоўкі будуць з ходнікавай бетоннай пліткі, паміж імі уладкуюць газоны.

Чаму ГЦ менавіта там?

Участак пад пабудову гандлёвага цэнтра прадалі 9 лістапада 2021 года за 50 тысяч рублёў. Яго купіў гродзенскі бізнесмен. Ён быў адзіным пакупніком на аўкцыёне. На яго думку, людзі, якія будуць ісці ў гандлёвы цэнтр Triniti ці назад, абавязкова наведаюць і ягоны аб’ект.

Дзе глядзець праект і куды адпраўляць заўвагі

Паглядзець праект можна з 26 красавіка па 10 траўня (8:00—13:00, 14:00—17:00, па буднях) у вестыбюлі ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гродзенскага гарвыканкама (пл. Антонія Тызенгаўза, 3).

Заўвагі і прапановы па праекце можна дасылаць з 26 красавіка па 20 траўня. Іх прымае:

  • Гродзенскі гарвыканкам (па пошце пл. Леніна, 2/1, 230 023, Гродна; на e-mail: gorisp@gorod.grodno.by або праз сэрвіс «Электронныя звароты» на сайце гарвыканкама);
  • Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама (пл. Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, Гродна; e-mail: arhitektura@gorod.grodno.by).

Прэзентацыя праекта пройдзе 4 траўня ў 15:00 у каб. 1 упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва.