Аднаўляць Фару Вітаўта не будуць, бо гэта «папахвае блюзнерствам». Затое да 2025 года адновяць басейн «Лазурны», а ў Свяцк турысты змогуць патрапіць ужо гэтым летам. Hrodna.life занатаваў, пра што расказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік падчас прамога эфіру на тэму будаўніцтва і рэканструкцыі ў рэгіёне.

Аднаўленне Фары Вітаўта - “блюзнерства”, а лёс гасцініцы “Гродна” вырашаць у Кітаі. Што Уладзімір Каранік сказаў падчас прамога эфіру
Уладзімір Каранік падчас прамой трансляцыі. Крыніца: Telegram-канал: «Пул 4 Регион»

Аднаўленне Фары Вітаўта «папахвае блюзнерствам»

Аднаўленне Фары Вітаўта прыбралі з генеральнага плана Гродна. Гэта, на думку Караніка, «папахвае блюзнерствам»: аднаўленнем Фары Вітаўта ў выглядзе адміністрацыйна-офіснага будынка можна «абразіць пачуцці і адных, і другіх вернікаў». Маўляў, ёсць і праваслаўныя, і каталіцкія страчаныя храмы, дык «чаму мы аднаўляем гэты аб’ект»?

Чытайце таксама: «Мы зносілі страшыдла». Былы чыноўнік пра знос Фары Вітаўта і яўрэйскіх могілак у Гродне

Распрацуюць праект набярэжнай

У бліжэйшы час чыноўнікі плануюць аб’явіць конкурс на стварэнне праекта набярэжнай ля піўзавода і замкаў. Праект зможа прапанаваць кожны: як прафесійныя дызайнеры і мастакі, так і проста гродзенцы, у якіх ёсць ідэі і бачанне набярэжнай.

Чытайце таксама: Патрапіць у першы будынак адноўленага гродзенскага піўзавода можна будзе ўжо ў 2023 годзе

Паедуць у Кітай вырашаць лёс гасцініцы «Гродна»

Гасцініцу «Гродна» перасталі рэканструяваць з-за каранавіруса некалькі гадоў таму. Але, паводле словаў Караніка, кітайскі інвестар не адмаўляецца ад праекта. У ліпені 2023 года дэлегацыя Гродзенскай вобласці паедзе ў Кітай у правінцыю Гансю, каб «расставіць усе кропкі над „і“».

Аднаўленне Фары Вітаўта - “блюзнерства”, а лёс гасцініцы “Гродна” вырашаць у Кітаі. Што Уладзімір Каранік сказаў падчас прамога эфіру
Праект рэканструкцыі гасцініцы «Гродна». Крыцніа: grodnonews.by

Чаму дасюль (не)адкрылі палац у Свяцку

Палац у Свяцку афіцыйна адкрылі ў траўні 2023 года. Але ўжо праз пару дзён турысты туды патрапіць не змаглі, бо тэрыторыя апынулася агароджанай. Прычына — не вырашаныя пытанні з арганізацыяй харчавання і пошукам персанала.

Свяцк
Палац у Свяцку ў час рэканструкцыі. Фота: Hrodna.life

Паводле Караніка, летам 2023 года турысты ўсё ж змогуць заехаць туды. Будзе магчымасць спыніцца ў флігелях, дзе адкрыюць гатэль на 64 месцы, а таксама наведаць спа-цэнтр з паслугамі касметалогіі.

Басейн «Лазурны» адкрыюць да 2025 года

Цэнтр сямейнага адпачынку ў былым басейне «Лазурны» плануюць адкрыць да 2025 года. Там будзе басейн і саўны, а наведваць яго змогуць і дзеці, і дарослыя. Гэта будзе комплекс не для спартоўцаў, а для адпачынку гараджан.

Аднаўленне Фары Вітаўта - “блюзнерства”, а лёс гасцініцы “Гродна” вырашаць у Кітаі. Што Уладзімір Каранік сказаў падчас прамога эфіру
Басейн «Лазурны» летам 2022 года. Фота: Hrodna.life

Кальцавую будуць будаваць па меры неабходнасці

Да канца 2023 года ў Гродне плануюць адкрыць 13,5 км кальцавой дарогі. Астатнія ўчасткі 36 кіламетровай трасы будуць будаваць па меры неабходнасці.

Чытайце таксама: «Гроднадарожніку» распавялі, на колькі км дарог хопіць грошай у 2023 годзе

На Лідскай адкрыюць «Еўраопт», а школу і садок — толькі калі будзе «выбух»

Дзіцячы садок і школу ў новым мікрараёне на вуліцы Лідскай будуць будаваць, калі «будзе для каго будаваць», маўляў - калі адбудзецца «дэмаграфічны выбух» у гэтым раёне.

Затое ў ліпені на Лідскай плануюць адкрыць «Еўраопт». Таксама ў планах будаўніцтва амбулаторыі і дзіцячай пляцоўкі. У будучыні ў падобных мікрараёнах плануюць будаваць крамы на першых паверхах новых дамоў.

Падрыхтоўваць гравійкі да асфальтавання павінны мясцовыя жыхары

Гравійныя дарогі ў мікрараёне Зарыцы плануюць прыводзіць у добры стан. Але Уладзімір Каранік заклікае жыхароў самім добраўпарадкоўваць прылягаючыя тэрыторыі, рабіць падрыхтоўчыя працы — усталёўваць бардзюры і рабіць падсыпку.

Таксама на вуліцах з гравійным пакрыццём плануюць арганізоўваць асвятленне, ліўнёўку, тратуары і веласцежкі. «Людзей без асфальта не пакінуць», — сказаў Каранік.

Што там з аўтавакзалам

План рэканструкцыі аўтавакзала ёсць, сказаў Каранік. Але пакуль незразумела ці ёсць сэнс у гэтым. У 2022 годзе фінансы накіравалі на будаўніцтва іншых аб’ектаў. У 2023 годзе будуць зноў ацэньваць мэтазгоднасць праекта.

Калі пачнуць будаваць спорткомплекс на Белуша

У 2024 годзе плануюць пачаць будаўніцтва шматфункцыйнага спорткомплекса на выездзе з Гродна на вуліцы Белуша. Праект комплекса плануюць падрыхтаваць да кастрычніка 2023 года. Там будзе зала з трыбунамі на 500 гледачоў, басейн на 50 метраў, а таксама саўны.

Анкадыспансер і шпіталі

Першую чаргу анкадыспансера плануюць адкрыць 30 чэрвеня 2023 года. Зараз адбываецца навучэнне персанала для працы на лінейным паскаральніку. Першы час у Гродне будуць працаваць спецыялісты з Мінска і Брэста, каб паказаць гродзенскім лекарам, як працаваць на лінейным паскаральніку.

Летам 2023 года плануюць скончыць рэканструкцыю хірургічнага корпуса ўніверсітэцкай бальніцы. Да восені 2023 года праект будаўніцтва бальніцы насупраць чацвёртага шпіталя плануюць накіраваць на экспертызу, пасля якой хочуць пачаць будаўніцтва.

Пытанні пра Быкава і перайменаванне вуліцы Караніку не задалі

Падчас прамога эфіру на YouTube Уладзіміру Караніку можна было задаваць пытанні анлайн. Гродзенка Ірына Шатыронак задала пытанне: «У 2024 годзе — 100 гадоў пісьменніку Васілю Быкаву. Ці будзе ў Гродне зроблены мемарыял памяці пісьменніка-франтавіка?» Вядоўца трансляцыі Мікалай Мельячэнка праігнараваў гэтае пытанне.

Аднаўленне Фары Вітаўта - “блюзнерства”, а лёс гасцініцы “Гродна” вырашаць у Кітаі. Што Уладзімір Каранік сказаў падчас прамога эфіру
Мікалай Мельячэнка. Крыніца: Telegram-канал: «Пул 4 Регион»

Таксама Караніку даслалі пытанне, ці будуць у Гродне пераімяноўваць цэнтральныя вуліцы: «Суворава, Урыцкага, Маркса, Энгельса і іншых, не маючых [дачынення — Hrodna.life] да Гродна гістарычных асобаў». Гэтае пытанне таксама Уладзіміру Караніку не задалі.

Чытайце таксама: Да 99-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцінаў пісьменніка