Стары мост у Гродне цалкам закрыюць для руху аўтатранспарту з 8.00 30 красавіка да 4.00 4 траўня. Там будуць мяняць асфальт.

Пра тое, што на мосце плануюць замест ямачнага рамонту цалкам зрэзаць і пакласці новы асфальт, паведамлялі 12 красавіка. Праўда, тады абяцалі пачаць замену асфальту пасля завяршэння рамонту і адкрыцця руху на Румлёўскім мосце.

Стары мост часткова перакрывалі у канцы 2021 года — з 16 лістапада да 20 снежня. У кожны бок было адкрыта па адной паласе для руху. Спецыялісты замянілі зношаныя дэфармацыйныя швы. Мяняць асфальт тады не планавалі.

Акрыццё Румлёўскага моста для руху з 1 чэрвеня адклалі прыблізна на два тыдні. Зараз мост абяцаюць адкрыць да сярэдзіны чэрвеня. З 13 красавіка па мосце цалкам перакрылі і рух пешаходаў. Ідуць працы па ўзмацненні апорных канструкцый моста.

Пасля заканчэння рамонту Румлёўскага моста плануюць правесці рэканструкцыю Новага моста на вуліцы Паповіча. Там абяцаюць працяглы рамонт з поўным перакрыццем руху.

Якія яшчэ вуліцы цалкам перакрыюць

За першае паўгоддзе 2022 года ў Гродне плануюць адрамантаваць больш за 20 дарог. Сярод іх вуліцы Санаторная, Ажэшкі, Міцкевіча, Мясніцкая, Горкага, бульвар Ленінскага камсамола (ад кальца ў бок Універсітэцкай клінікі), Каліноўскага, Свярдлова, Белыя Росы (скрыжаванне ад вул. Ліможа), праспект Будаўнікоў, Гожская, Вясновая, Падольная, Шчорса (ад вул. Пралетарскай да вул. Чырвонаармейская), Кабяка, Хімікаў, Белуша, Перамогі, Савецкіх памежнікаў, Лідская, Рэпіна, праспект Янкі Купалы. На некаторых з іх працы ўжо ідуць.

У «Рамбудаўтадор» вырашылі сысці ад лакальнага ямачнага рамонту і праводзіць працы вялікімі ўчасткамі з выкарыстаннем фрэзы і наступным суцэльным асфальтаваннем. Паралельна з асфальтаваннем будуць заліваць расколіны ў дарожным палатне, рамантаваць і выраўноўваць да праектных адзнак люкі і краты інжынерных сетак, расказаў намеснік дырэктара КУП «Рамбудаўтадор» Юрый Лапцеў.

Чытайце таксама: Бывшее здание администрации Ленинского района отдадут бизнесу. Власти готовят аукцион