Расійскага вайскоўца Вадзіма Шышымарына ва Украіне асудзілі да пажыццёвага зняволення. Яго абвінавацілі ў забойстве грамадзянскага жыхара Сумшчыны, піша «Украинская правда». Абвінавачаны прызнаў віну, і сказаў, што дзейнічаў на загад.

Прысуд вынеслі на пасяджэнні Саломенскага раённага суда Кіева 23 траўня. 21-гадовага мужчыну прызналі вінаватым у парушэнні закона і звычаяў вайны (артыкул 438 Крымінальнага кодэкса Украіны). Суд прыйшоў да высновы, што забойства было наўмысным. Пры гэтай акалічнасці артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў або пажыццёвае пазбаўленне волі. Менавіта пажыццёвае зняволенне запрасіў для абвінавачанага пракурор. Такое злачынства з’яўляецца міжнародным і асабліва цяжкім, удакладняе выданне.

Абарона абвінавачанага сцвярджала, што ён выканаў загад. Суд не прыняў гэтыя довады, бо загад аддаў вайсковец, які не быў камандзірам Шышымарына, а сам загад быў злачынным. Хлопец раскаяўся ў судзе, але суддзя палічыў раскаянне няшчырым.

На судзе хлопец распавёў, што не ведаў, што едзе ваяваць: яго сухпаек быў усяго на тры дні. Ён думаў, што вайскоўцы едуць ва Украіну «для застрашвання». 28 лютага калона Шышымарына ехала па Сумскай вобласці ў бок Расіі, каб вывезці параненых. Пасля атакі ваенных сіл Украіны калона падзялілася на некалькі групаў. Паміж сёламі Чупахоўка і Грынчанкава група Шышымарына забрала ў мясцовага жыхара аўтамабіль Volkswagen. Яны планавалі дабрацца да сваіх войскаў, але ў вёсцы Чупахоўка ўбачылі цывільнага мужчыну, які размаўляў па тэлефоне. Вайскоўцы вырашылі, што ён перадасць інфармацыю пра іх украінскаму войску, і Шышымарын застрэліў 62-гадовага ўкраінца Аляксандра Шэліпава. Пазней група з Шышымарыным трапіла ў засаду, хлопец ацалеў, схаваўся і ў выніку здаўся ў палон.

Чытайце таксама: