У Гродне ёсць чатыры зоны для адпачынку на вадаёмах. Гэта возера Юбілейнае, Цэнтральны пляж, пляжы ва ўрочышчы Ласосна і Пышках. Жыхарам Гродзенскай вобласці для адпачынку і купання даступныя 42 зоны рэкрэацыі з абсталяванымі 44 пляжамі. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала парады аб тым, як бяспечна правесці час на пляжы і не патрапіць на штраф (а такое таксама магчыма!).

Афіцыйныя месцы для купання вызначаюць райвыканкамы і Гродзенскі гарвыканкам.

Пляжы праверыла санстанцыя

Спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы вобласці перад пачаткам купальнага сезона абследавалі ўсе месцы для купання і адпачынку. Яны даследавалі 297 пробаў вады па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках. Пробы паказалі, што вада бяспечная. З пачаткам купальнага сезона спецыялісты правяраюць пробы ў лабараторыі штотыдзень. Калі якасць вады пагоршыцца, гродзенцаў праінфармуюць, паведамляе тэлеканал «Гродно Плюс».

На што яшчэ звярнулі ўвагу?

Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя сцвярджае, што яны надалі асаблівую ўвагу добраўпарадкаванню зон, наяўнасці смеццевых кантэйнераў і своечасоваму вывазу смецця, наяўнасці інфармацыйных знакаў і стэндаў, утрыманню пад’язных шляхоў, аўтамабільных парковак і веласіпедных стаянак, грамадскіх прыбіральняў, абсталяванню спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак, кабін для пераапранання і іншага абсталявання, аб’ектаў выязнога гандлю і пракату.

Як правесці час ля вады бяспечна? Раіць міліцыя Гродна:

  • Купайцеся толькі ў дазволеных для гэтага месцах.
  • Не нырайце з берага і плаўсродкаў, у тым ліку ў незнаёмых частках вадаёма, каб не атрымаць траўмы.
  • Ні ў якім разе не ўжывайце алкаголь перад купаннем.
  • Не гуляйце ў рухомыя гульні ля ўскрайку вады.
  • Не заплывайце далёка ад берага як на надзіманых матрацах, так і без іх.
  • Не спрабуйце пераплысці вадаём, заўсёды цвяроза ацэньвайце свае сілы і магчымасці.
  • Не ўладкоўвайце ў вадзе небяспечныя гульні і не перашкаджайце іншым людзям, якія знаходзяцца ў вадаёме побач з вамі.
  • Ня падплывайце да механічных плаўсродкаў, якія рухаюцца міма вас.
  • На вялікай глыбіні старайцеся не займаць у вадзе вертыкальнае становішча цела.
  • Кантралюйце паводзіны дзяцей ля вады.
  • Не піце з вадаёма.

Што будзе, калі я буду купацца ў недазволеным месцы?

Купанне ў забароненых месцах — гэта адміністрацыйнае правапарушэнне (арт. 24.42 КаАП). Вам пагражае штраф ад адной да трох базавых велічынь (ад 32 да 96 рублёў).

Як зразумець, што можна купацца?

Трэба азнаёміцца з інфармацыяй на сайтах райвыканкамаў, дзе штогод размяшчаюць спісы вадаёмаў, абсталяваных і дазволеных для купання.