Больш за 1500 злачынстваў па «экстрэмізму» зарэгістравалі ў рэгіёне з 9 жніўня 2020 па 31 траўня 2022 года. Пракуроры накіравалі ў суды крымінальныя справы ў дачыненні да 314 асоб. Пра гэта расказаў пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў на прэс-канферэнцыі для рэгіянальных СМІ.

Праваахоўныя органы працягваюць прыцягваць да адказнасці нібыта датычных да нібыта экстрэмісцкай або тэрарыстычнай дзейнасці. Пракуратура разглядае пытанні супрацьдзеяння экстрэмізму на міжведамасных нарадах.

Супрацоўнікі высвятляюць месцазнаходжанне тых абвінавачаных у экстрэмізме, якія пакінулі краіну. Таксама яны займаюцца пытаннем іх выдачы ў Беларусь.

Экстрэмісты ў Гродзенскай вобласці

Інфармацыю ў больш чым 35 рэсурсах у інтэрнэце суды Гродна прызналі экстрэмісцкай з 2020 года. Да 2020 года такіх рашэнняў было восем. Часцей за ўсё экстрэмісцкімі прызнаюць чаты і каналы ў Telegram. Але «Одноклассники» і Instagram таксама ў полі ўвагі сілавікоў.

Сем рэсурсаў прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Гэта Telegram-чаты «Гордые Гродненцы», «Гордые Волковычане», «Гордые Слонимчане», «Гродно 97%», «Лида 97%», «Лида для жизни», «Ошмяны».

За стварэнне «экстрэмісцкага фармавання» — Telegram-чата «Ошмяны» — будуць судзіць праграміста з Гродзенскай вобласці. У тым ліку за стварэнне экстрэмісцкага фармавання будуць судзіць і затрыманых «азотаўцаў». Экстрэмісцкай прызналі першасную арганізацыю Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот». Гродзенскі абласны суд таксама прыняў рашэнне аб забароне дзейнасці арганізацыі і яе ліквідацыі. Дзейнасць арганізацыі «супярэчыла патрабаванням заканадаўства і была спалучаная з распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў», заключылі ў судзе.

Чытайце таксама: У Гродне прызналі экстрэмісцкімі матэрыялы буйнога Telegram-канала. Што рабіць, калі вы яго падпісант

Барацьба з экстрэмізмам у Беларусі

Стаць экстрэмістам у Беларусі можна за адзін рэпост. Даведацца аб узбуджэнні супраць вас крымінальнай справы немагчыма, пакуль вам пра гэта не паведамяць. У 2021 годзе закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» ўнеслі змены. Цяпер закон апісвае 18 формаў дзейнасці, якія лічацца экстрэмізмам. Некаторыя з 18 пералічаных формаў здзяйснення экстрэмізму цягнуць адміністрацыйную, некаторыя — крымінальную адказнасць. Добрай стратэгіі абароны па такога роду справах няма, паколькі не працуе права і прававыя інстытуты.

Чытайце таксама: Як не стаць экстрэмістам ў Беларусі? Юрыст — аб пакаранні за падпіску, лайк і рэпост