У Беларусі зарэгістравалі новую вакцыну ад каронавіруса — Soberana Plus ад кубінскага Інстытута вакцын «Фінлі».

Вакцыну зарэгістравалі ў выніку доўгатэрміновай сумеснай працы паміж УП «Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя» і рэгулятарнага органа па лекавых сродках абсталяванню і медыцынскім вырабам Рэспублікі Куба (CECMED), расказалі у Міністэрстве аховы здароўя Беларусі.

Soberana Plus стала першай кубінскай вакцынай супраць COVID-19, зарэгістраванай на еўрапейскай прасторы, удакладнілі ў ведамстве.

Дырэктар кубінскага інстытута вакцын «Фінлі» Вісэнтэ Гільерма Берэс Бенкома паабяцаў даць Беларусі вакцыны Soberana супраць COVID-19 бязвыплатна. Аб гэтым дамовіліся падчас візіту ў Беларусь дэлегацыі прадстаўнікоў сістэмы аховы здароўя і фарміндустрыі Рэспублікі Куба, які праходзіць з 24 па 28 ліпеня.

Ужываюць у Венесуэле і Нікарагуа

На Кубе вакцыны Soberana і Soberana Plus дазволеныя да ўжывання для дарослых і дзяцей з трохгадовага ўзросту, піша Sputnik. У клінічных выпрабаваннях сярод дзяцей і падлеткаў прынялі ўдзел 318 чалавек. Вакцына дазволена да экстранага ўжывання ў Венесуэле, Нікарагуа і Іране.

Soberana зроблена на аснове інактываванага віруса COVID-19. Soberana Plus уяўляе сабой субадзінную вакцыну і з’яўляецца аднакампанентнай. Яна выкарыстоўваецца як бустэр пасля асноўнага курсу вакцынацыі. Куба ацэньвае эфектыўнасць камбінацыі дзвюх дозаў Soberana і адной дозы Soberana Plus ў 91,2%.

Міністэрства аховы здароўя прагназуе вялікую нагрузку ў канцы года

Чарговую хвалю каранавіруса ў Беларусі чакаюць у канцы жніўня — пачатку верасня. Магчыма, з’явяцца два новыя варыянты «амікрона».

Вялікую нагрузку на ахову здароўя прагназуюць у другой палове года, бліжэй да канца. «Больш аддаленыя прагнозы будаваць складана. Спецыялісты кажуць пра тое, што інфекцыя пяройдзе ў лік сезонных і захворваральнасць будзе больш нізкай, але, напэўна, яшчэ не ў гэтым годзе», — расказала загадчыца лабараторыі вакцынакіруемых інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Алена Самойлавіч для «Минск-Новости».

Зараз у Беларусі даступныя вакцыны «Спутнік V», Sinopharm і «Спутнік Лайт».

Чытайце таксама: