Звонку паўднёвай сцяны Крэўскага замка знайшлі балістычнае ядро. Знаходка сведчыць пра тое, што князь Свідрыгайла ў 1433 годзе штурмаваў замак не толькі з боку галоўнай брамы і княскай вежы, але і з супрацьлеглага боку, паведаміў «Светлы шлях».

У Крэўскім замку знайшлі балістычнае ядро. Пра што расказала знаходка
Знойдзенае падчас раскопак ядро. Крыніца: shliah.by

Знойдзенае ядро мае дыяметр 30 сантыметраў. Падобныя рэчы знаходзілі ў 1985 годзе, калі Крэўскі замак даследавалі гісторыкі Міхась Ткачоў і Алег Трусаў.

Зараз раскопкі адбываюцца каля паўднёвай сцяны і Малой вежы. Падчас Першай сусветнай вайны там размяшчаўся бункер нямецкіх войскаў. Пасля рэканструкцыі ў вежы плануюць адкрыць экспазіцыю, прысвечаную Першай сусветнай вайне.

Раней у Крэўскім замку знайшлі старажытны тунэль і сходы

У чэрвені 2022 года ў Крэўскім замку знайшлі старажытны тунэль са сходамі XIV стагоддзя. Гэтая знаходка можа дапамагчы рэстаўратарам пры стварэнні праекта рэканструкцыі данжона [Княская вежа — Hrodna.life].

Чым адметны Крэўскі замак

У Крэве ў 1385 годзе была падпісаная ўнія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Што да часу зяўлення замка, даследчыкі дапускаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагодздзя, некаторыя дапускаюць, што можа быць нават сярэдзіна ХІІІ. Сходзяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім ВКЛ ён стаіць ля вытокаў мураванага абарончага дойлідства.

У Крэўскім замку знайшлі балістычнае ядро. Пра што расказала знаходка
Крэўскі замак. Крыніца: instagram.com

Замак страціў абарончае значэнне ў XIX стагоддзі і быў закінуты. Ён моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. Нямецкія войскі размясціліся на тэрыторыі замка, таму расійская артылерыя выпускала снарады менавіта туды. З-за гэтага да нашых дзён захавалася толькі «нутро» сцен, бо фасад быў знішчаны.

У міжваеннай Польшчы ў канцы 1920-х рэстаўратары ўмацавалі парэшткі сцен. У савецкі часы гаворка пра кансервацыю руінаў не ішла. У 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у спіс з трох дзясяткаў помнікаў даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі. З таго часу з бюджэту на яго захванне было выдаткавана каля паўмільёна долараў.

Летам 2021 года ў Крэўскім замку завяршылі кансервацыю дзвюх сценаў і ўсталявалі браму. Зараз трапіць ва ўнутраны двор можна толькі з экскурсіяй, набыўшы білет.

Чытайце таксама: «Ctrl+S»: што ёсць спадчына беларусаў і як яе захаваць. Сцяпан Стурэйка — пра новыя трэнды ў працы з гістарычнымі артэфактамі